Краіна рыхтуецца да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Шэраг мерапрыемстваў з гэтай нагоды адбудзецца і на Пастаўшчыне. Сучаснікі аддадуць даніну памяці дзядам і прадзедам, дзякуючы якім мы восем дзесяцігоддзяў жывём пад мірным небам. Вялікая Айчынная вайна закранула кожную беларускую сям’ю. Імёны нашых землякоў, якія доблесна змагаліся з ворагам, перадаюць з пакалення ў пакаленне іх родныя і блізкія.
Каб захаваць у памяці сучаснікаў подзвігі нашых продкаў і не даць будучым пакаленням забыцца пра іх, 9 мая на пляцоўцы каля кінатэатра ў райцэнтры з 8 гадзін вечара запланавана дэманстрацыя на вялікім экране фотаздымкаў франтавікоў. Работнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці просяць жыхароў Пастаўшчыны падзяліцца здымкамі сваіх родных, знаёмых, якія змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на франтах і ў партызанскіх атрадах.
Прыносьце іх у ЦКіНТ або дасылайце на электронны адрас tskint@mail.ru. Указаць трэба прозвішча франтавіка ці партызана, імя і імя па бацьку. Тэлефон для даведак 2-47-40.
Ушануем разам памяць пра нашых герояў!

