40 новых «квартир» для птиц смастерили и развесили ученики 9 класса Камайской СШ

Важное Природа

У адзін з красавіцкіх дзён на дарозе на вёску Жыгуні Камайскага сельсавета са школьнага аўтобуса высадзіўся дэсант з вучняў 9 класа Камайскай сярэдняй школы разам з настаўнікам Сяргеем Пяткевічам. Дзеці прывезлі для шпакоў «кватэры», якія самастойна вырабілі на ўроках працоўнага навучання. Матэрыялам для птушыных домікаў забяспечыла мясцовае лясніцтва. Хлопцы і дзяўчаты старанна іх майстравалі. А перад тым як развесіць, расказвалі мне пра свой занятак і асаблівасці шпакоўняў. Аказваецца, сценкi дошчачак з унутранага боку не габлююць: па гладкіх сценках птушаняты не змогуць ускараскацца да латка за кормам, што прыносяць бацькi. Не любяць гэтыя птушкi пафарбаваных домiкаў. Дыяметр «дзвярэй» павінен быць не меншы і не большы за 5 сантыметраў.

— Са школьным лясніцтвам мы супрацоўнічаем даўно, — расказваў ляснічы Камайскага лясніцтва Сяргей Рублевіч. — Вучні прымаюць актыўны ўдзел у пасадцы лесу, навядзенні парадку ў ім, вырабляюць шпакоўні. Сёлета «жыллёвы фонд» шпакоў папоўнілі 40 новых домікаў. Развешваць іх дапамагалі памочнік ляснічага Сяргей Якімовіч, майстар лесу Адзіл Валіеў, леснікі Алег Галяш, Андрэй Рэксць, Дзмітрый Кліпа.

Усе працавалі зладжана: дзеці падносілі домікі, работнікі лесу, падняўшыся на метры тры па лесвіцы, надзейна прымацоўвалі іх да дрэў. А яшчэ яны апавядалі дзецям пра шпакоў і іншых птушак, якія могуць жыць у шпакоўнях.

Калі ў шпакоў выводзяцца птушаняты, бацькам прыходзіцца да 200 разоў вылятаць на пошукі ежы для пражэрлівых дзетак. А малыя ў чаканні корму сядзяць разявіўшыся па 17 гадзін у дзень. Самец і самка за гэты час збіраюць па 300 жукоў, чарвякоў, вусеняў, мошак. А вечарам шпак садзіцца на галінку дрэва каля доміка, трапеча сваімі чорнымі крыльцамі, і льецца яго звонкая песня.

Калі патомства падрасце, гэтыя птушкі пакідаюць жытло. І тады ў яго ад марозу і ветру могуць хавацца вераб’і, сініцы. Засяляюцца ў шпакоўні таксама мухалоўкі, сітаўкі і нават дзятлы. Гаспадары, вярнуўшыся з выраю, выганяюць часовых жыхароў. А калі тым усё ж удасца застацца, то яны выведуць тут птушанят. Вавёркі часта выкарыстоўваюць шпакоўні пад склад і зімой захоўваюць у іх запасы арэхаў.

Пакуль леснікі і школьнікі завяршалі работу, шпакоўні, якія развесілі першымі, ужо пачалі аблюбоўваць навасёлы.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.