Алло, редакция. Недостроенное здание в 5 городке — опасное место для детских игр

Безопасность Важное

Каб не здарылася бяды

У рэдакцыю райгазеты звярнулася жыхарка мікрараёна 5-га гарадка Таццяна Кучар. «Ужо не першы раз, праходзячы ля дома №26 па вуліцы Касманаўтаў, бачыла, як па самым версе незавершанай пабудовы, што прымыкае да яго, лазяць хлапчукі гадоў 8-10, — усхвалявана расказвала Таццяна Пятроўна. — Аж сэрца заходзіцца ад гэтай карціны: пры такіх гульнях да бяды адзін крок. Варта дзіцяці аступіцца — і яно ўпадзе з вышыні трэцяга паверха. Гэта можа закончыцца не толькі траўмамі, але і гібеллю. Вось і прашу ўмяшальніцтва рэдакцыі, пакуль не грымнуў гром».

Едзем па названым адрасе. 42-гадовы рэдакцыйны ва­дзіцель, карэнны пастаўчанін, кажа: «Гэтаму недабуду больш за 30 гадоў. Тут і я ў дзяцінстве любіў гуляць з сябрамі. Аказваецца, ён прываблівае і цяперашніх хлопчыкаў». Абыходжу вакол пабудовы, фатаграфую, углядаюся, дзе ў яе могуць прабрацца дзеці. Дзвярныя праёмы забітыя бляхай, вокны, акрамя крайняга, замураваныя цэглай. Толькі праз яго і можна трапіць унутр.

Вось так выглядае недабуд па вуліцы Касманаўтаў

Гэты будынак у канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя ўзводзілі ваенныя. Планавалі размясціць у ім домаўпраўленне і аддзел капітальнага будаўніцтва. Але пасля распаду СССР воінскую часць расфарміравалі, работы так і не былі завершаны. Недабуд працяглы час стаяў незапатрабаваны, а потым пераходзіў з рук у рукі прыватнікам. Зараз яго ўласнікам з’яўляецца індывідуальны прадпрымальнік Станіслаў Вярцінскі. Да яго і звярнулася па тлумачэнне.

— Гэты будынак — мой галаўны боль, — прызнаўся Станіслаў Казіміравіч. — Ужо колькі разоў закладвалі цэглай вокны, заварвалі металам дзверы, а ўсё роўна хтосьці ўхітраецца рабіць лазы. Мяркую, што зусім не дзіцячых рук гэта справа. Што да звароту грамадзянкі ў рэдакцыю, то на яго адрэагуем адразу ж: замуруем акно, якое аказалася адкрытым. А ў перспектыве гэту пабудову давядзецца ўвогуле разабраць.

P.S. Праз некалькі дзён мы праверылі, ці выканаў прадпрымальнік абяцанне. Акно, праз якое дзеці прабіраліся ўнутр пабудовы, было замуравана.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.