Фотография завскладом Антонины Татарчук занесена на Доску почета ОАО «Новоселки-Лучай»

Сельское хозяйство

Сярод людзей заўсёды весялей

На падвядзенні вынікаў работы за мінулы год дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» уручаў граматы і грашовыя прэміі найлепшым работнікам сельгаспрадпрыемства. Сярод узнагароджаных была і Антаніна Татарчук. Яе фотаздымак занесены на Дошку гонару гаспадаркі.

— Абавязкаў у цябе, Міхайлаўна, шмат, і ты з імі спраўляешся выдатна! — паціскаючы руку загадчыцы склада з Лучая, гаварыў Юрый Шымчык. — Усюды парадак, у справаздачнасці — дакладнасць. Дзякуй за сумленную працу.

— Было вельмі прыемна пачуць словы падзякі ад кіраўніка гаспадаркі, — дзялілася Антаніна Татарчук. — Дзе б ні працавала, усюды старалася.

У Лучай яна выйшла замуж. Разам з будучым мужам хрысцілі пляменніка. Закахаліся адно ў аднаго і стварылі сям’ю. Некаторы час жылі ў Нарачы, а затым вярнуліся ў бацькоўскі дом. Антаніна стала загадваць складам гаруча-змазачных матэрыялаў. З розніцай у два гады нара­дзіла дачушку і сына. З водпуску па доглядзе дзіцяці выйшла на раздой першацёлак.

— На ферме былі нядрэнныя зарплаты, таму і рашылася памяняць работу, — расказвала жанчына. — Працаваць было нялёгка. Але я да цяжкасцей прывычная. Сама родам з Талачынскага раёна, любая вясковая работа мне добра знаёмая. Пасля школы, праўда, захацелася гарадскога жыцця — уладкавалася ў Віцебску на фабрыку «КІМ». А лёс распарадзіўся інакш, і я ніколі не пашкадавала, што пражыла ўсё жыццё ў Лучаі.

У 44 гады раптоўна памёр яе муж. Хацела дапамагчы дзецям стаць на ногі, таму з фермай не развіталася. Адпрацаваўшы там 22 гады, атрымала права на льготную пенсію. Тады Антаніне прапанавалі загадваць зерняскладам. І ўжо амаль 20 гадоў яна на ім гаспадарыць. Работы хапае круглы год, бо пастаянна працуе млын: трэба і муку адпусціць, і дабаўкі да камбікорму. Мука з зернясклада паступае на лучайскую ферму і ідзе на корм амаль для паўтары тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, а таксама для больш чым 600 быкоў, якія знаходзяцца на круглагадовым палявым утрыманні. З абавязкамі млынара добра спраўляецца Раман Рудак. Яму дапамагаюць загружаць муку сёстры Анастасія Цудня і Алена Грынкевіч.

Побач са складам працуе цэх па выпуску рапсавага алею. Насенне гэтай культуры таксама захоўваецца на складзе Антаніны Татарчук. Яна вядзе ўлік вырабленай прадукцыі, адгружае яе на рэалізацыю. Макуху, фузу, якія застаюцца пасля адціскання рапсу, выкарыстоўваюць у якасці дабавак у камбікорм для буйной рагатай жывёлы.

Асабліва напружана бывае на складзе падчас жніва. Сушылка старая, працуе на дрывах. Тым не менш за сезон на ёй прасушва­юць каля 2 000 тысяч тон збожжа. Ёсць на складзе і фуражнае насенне кукурузы, вельмі карыснае для жывёлы. Зімой работнікі зернясклада пад кіраўніцтвам загадчыцы чыс­цяць насенне, вясной пратручваюць яго.

— Даўно маю права на заслужаны адпачынак, але сядзець дома не хочацца, — гаварыла Антаніна Татарчук. — Дачка са сваёй сям’ёй жыве ў Паставах, сын — у Расіі. Вельмі радуюся, калі яны з унукамі прыязджаюць. Нядаўна побач з домам маёй свекрыві, у якім я жыла, сын пабудаваў новы, двухпавярховы. У лютым перабралася ў яго. Цяпер у нас прасторна, утульна. Але мінаюць выхадныя, святы — і дзеці раз’язджаюцца. А я іду на працу, бо сярод людзей заўсёды весялей.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.