В хозяйствах Поставщины занимаются ремонтом сельскохозяйственной техники

Сельское хозяйство

Нягледзячы на тое, што на дварэ снежань, у інжынерных службаў, механізатараў гаспадарак раёна спраў хапае: яны займаюцца рамонтам сельскагаспадарчай тэхнікі.

У аўторак далучылася да галоўнага спецыяліста аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Паўла Скрыдлеўскага і галоўнага дзяржінспектара Дзмітрыя Касцяня і разам з імі заглянула ў ААТ «Навасёлкі-Лучай». Калі б ні бывала тут, на машынным двары заўсёды парадак. Падтрымліваюць яго самі механізатары. Вось і на гэты раз як пад лінейку пастаўлены на зімовае захоўванне культыватары, чызелі: колы пабелены, шлангі абматаны поліэтыленавай плёнкай. Нідзе не ўбачыла камбайнаў. Аказваецца, іх месца — пад дахам.

В хозяйствах Поставщины занимаются ремонтом сельскохозяйственной техники

Нас сустрэў намеснік дырэктара гаспадаркі Яўгеній Вішнеўскі, які, пакуль няма галоўнага інжынера, адказны за пастаноўку тэхнікі на лінейку гатоўнасці. З ім ідзём у майстэрню і застаём там звычайную рабочую абстаноўку, дзе кожны заняты сваёй справай.

— Рамонт тэхнікі распачалі ў адпаведнасці з планам, — расказваў Яўгеній Янісавіч. — Усе агрэгаты і механізмы пасля работы ў полі старанна ачысцілі і памылі. Вызначылі аб’ёмы работ і прыкладныя затраты.

В хозяйствах Поставщины занимаются ремонтом сельскохозяйственной техники

У памяшканні на рамонце пяць адзінак тэхнікі. «Беларус-1221» Роберту Гаспаровічу служыць пяты год. Малады механізатар тэхніку беражэ, таму і сур’ёзных паломак не здараецца.

— Некаторыя запчасткі прыйдзецца памяняць, — гаварыў Роберт. — Усе яны ёсць у наяўнасці на складзе. Таму рамонт шмат часу не зойме.

— А вось у МТЗ-3022 выйшаў са строю рухавік, — тлумачыў Яўгеній Вішнеўскі. — Яго завезлі на адну са спецыялізаваных фірм. Рамонт абыдзецца ў 18 тысяч рублёў.

В хозяйствах Поставщины занимаются ремонтом сельскохозяйственной техники

Звяртаю ўвагу на светлыя сцены. А Яўгеній Янісавіч заўважае: кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства імкнецца ствараць належныя ўмовы для работы механізатараў. Сёлета зрабілі касметычны рамонт унутры памяшкання майстэрні: пафарбавалі сцены, абнавілі пакой для адпачынку. Адчыняю ў яго дзверы — і бачу белыя сцены, жалюзі на акне, плітку на падлозе, зручны стол, лаўкі, халадзільнік, мікрахвалевую печ, неабходны посуд. Прыемна зайсці і ў санвузел.

В хозяйствах Поставщины занимаются ремонтом сельскохозяйственной техники

— А самае галоўнае, што майстэрня ацяпляецца, — гаварылі мне механізатары, якія рамантавалі трактары. — Хоць зімы апошнім часам не суровыя, але і такім сырым надвор’ем прыемней круціць гайкі, калі цёпла.

Вялікую дапамогу ў рамонце тэхнікі механізатарам аказвае слесар Анатолій Мацук. Пры неабходнасці высвідруе любую адтуліну, ухіліць залом. Ён жа і вулканізатаршчык.

Пакуль спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама гутарылі з Яўгеніем Вішнеўскім, назірала за тым, як засяроджана і дасканала механізатары аглядалі вузлы і механізмы. Яно і зразумела: кожны зацікаўлены ў тым, каб у гарачую пару палявых работ не прастойваць на чарговым рамонце толькі з той прычыны, што ў адведзены час не адрамантаваў, як належыць, тэхніку. Сумненняў, што навасёлкаўцы ўсё зробяць у тэрмін і якасна, няма.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.