Каб азнаёміцца з ходам уборачнай кампаніі на Пастаўшчыне, сюды наведаліся міністр сельскай гаспадаркі Юрый Горлаў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Уладзімір Юргевіч і першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Сяргей Ляўковіч.
Наш раён адзін з нямногіх, дзе з-за пераўвільготненай глебы жніво ідзе ў экстрэмальных умовах. Разам з кіраўніком раёна Сяргеем Чэпікам госці пабывалі ў ААТ «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай», «Кураполле-агра» і на льняных палетках на Казяншчыне.
Сярэдняя ўраджайнасць зерневых і зернебабовых у дзвюх першых гаспадарках складае 57,9 і 47,8 цэнтнера з гектара. Але на некаторых участках убраць вырашчанае пакуль немагчыма.
Яшчэ больш складаная сітуацыя ў ААТ «Кураполле-агра». На многія палі камбайны ўвогуле не могуць уз’ехаць, практычна на кожным буксуюць. І хоць апошнім часам надвор’е ўсталявалася, глеба ўсё роўна не прасыхае.
Трывожнае становішча і на большасці льняных палеткаў. Ільнозавадчане вырасцілі добры даўгунец, а зрулоніць і звесці яго ў шохі застаецца праблемай.
Ураджай на Пастаўшчыне вырас нядрэнны: сярэдняя ўраджайнасць – 32 цэнтнеры з гектара. Гэта вышэй, чым летась, амаль на 10 цэнтнераў. Намалочана больш за 49 тысяч тон збожжа – на 10 тысяч тон больш, чым у мінулым годзе.
Нягледзячы на цяжкасці, работы працягваюцца, мабілізаваны ўсе сілы, людзі вядуць сапраўдную бітву за ўраджай, прыкладваючы максімум намаганняў, каб яго выратаваць.
Анна Анішкевіч

