Татьяна Андреева рассказала, какие хозяйства уже справились с севом озимых зерновых

Сельское хозяйство

У раёне набліжаецца да завяршэння сяўба азімых зерневых. Якія гаспадаркі справіліся з ёй першымі? Што паспрыяла тэмпам? Пра гэта і іншае карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч гутарыць з намеснікам начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццянай Андрэевай.

— Сёлета, як і ў мінулыя гады, у нашым раёне азімыя ўрадзілі лепш, чым яравыя, — расказвала Таццяна Цярэнцьеўна. — Пшаніцы атрымалі з гектара ў сярэднім 38,5 цэнтнера, ячменю — 35,5. Таму вырашана было восенню засеяць імі 14 600 гектараў. З іх 7 540 адвялі пад пшаніцу, 3 700 — пад ячмень (плошчу ў параўнанні з мінулагодняй павялічылі больш чым у тры разы).

— Якім гаспадаркам трэба было выка­наць найбольшы аб’ём работ?

— У ААТ «Камайскі-агра» пасяўная плошча перавышае 3 030 гектараў, у ААТ «Навасёлкі-Лучай» — 2 800, у «Кураполлі-агра» і на сельгаспрадпрыемстве «Дунілавічы-агра» — па 1 800 га.

— Хто сярод першых завяршыў сяўбу?

— ААТ «Хацілы-агра». Там засеялі 1 660 гектараў. Гэтым займаліся Віктар Нікалаеў на трактары Fendt нямецкай вытворчасці з 6-метровай сеялкай, Уладзімір Банькоўскі, Мікалай Чашун і Аляксей Власаў на «Беларусах» з 3-метровымі сеялкамі.

Выканалі план і прадаўжа­юць сяўбу механізатары на курапольскіх і дунілавіцкіх палях. У Кураполлі Юрый Усовіч пасля ворыва адчапіў плугі і падчапіў сеялку. На сяўбе заняты і Павел Болт. Дапамагаў курапольцам Іван Пучынскі з малочнага завода.

У СП «Дунілавічы-агра» рупіліся мясцовыя механізатары Юрый Зелянкевіч, Аляксандр Кабайла, Дзмітрый Лысёнак, Генадзій Казакевіч, а таксама Генадзій Шушкевіч з малочнага завода. У «Камайскім» на трактарах з сеялкамі працуюць Аляксей Яркоўскі і завадчанін Артур Чапскас.

— Што паспрыяла тэмпам?

— Сёлетняй восенню ўкласціся ў аптымальныя тэрміны сяўбы было нескладана. Дакладная арганізацыя працы кожнага ­ўдзельніка, адказнасць механізатараў, спецыялістаў, кіраўнікоў, якія сумленна выконвалі свае абавязкі, прынеслі плён. Інжынерная служба зага­дзя паклапацілася пра падрыхтоўку тэхнікі, і не было прастояў па прычыне сур’ёзных паломак. Агранамічная аператыўна рыхтавала насенне, удабрэнні. Спрыяла тэмпам выкарыстанне сучасных энерганасычаных трактароў з плугамі, шыроказахопных глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў. Хлебаробы, нягледзячы на няўстойлівае надвор’е, не збаўлялі тэмпаў, бо разумелі, што ў полі дарагая кожная хвіліна.

— Якія яшчэ сельгас­работы на парадку дня пасля сяўбы?

— Падрыхтоўка глебы пад яравую сяўбу — зяблевае ворыва. Гэта адзін з аграпрыёмаў павышэння ўраджайнасці сельгаскультур. Праводзіцца для лепшага назапашвання вільгаці, мабілізацыі пажыўных рэчываў, знішчэння пустазелля, шкоднікаў і ўзбуджальнікаў хвароб сельскагаспадарчых культур. Ён мае вялікае арганізацыйна-эканамічнае значэнне, таму што змяншае напружанасць веснавых палявых работ, забяспечвае больш якасную перадпасяўную апрацоўку глебы, сяўбу сельскагаспадарчых культур у найлепшыя агратэхнічныя тэрміны. Усе мы ведаем: уздымеш зябліва не ў тэрмін — недабярэш збожжа.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.