Как две стороны одной медали — так в Хотилах характеризуют родных сестёр Марину Михнович и Инну Хотянович

Общество

Іх дзяцінства прайшло ў Шчотках. Бацькі працавалі на ферме, а дзеці (у сясцёр яшчэ ёсць сярэдні брат Андрэй) былі ў адказе за парадак дома, выконвалі розныя абавязкі па гаспадарцы, у агародзе.

— Мы ладзілі і спрачаліся, сапернічалі і ў той жа час падтрымлівалі адна адну, — расказвала Іна. — Мне споўнілася 10 гадоў, калі бабуля ўгаварыла маму з татам пераехаць у Хацілы. На дварэ стаяў красавік. Да канца навучальнага года — амаль два месяцы. І нас пакінулі жыць у бабулінай сястры і заканчваць школу ў Казлоўшчыне. Бацькоў з іх вялікай гаспадаркай у Хацілах прыняла маміна стрыечная сястра Галіна Малец.

Пакуль для прыезджых гаспадарка ўзводзіла дом, амаль паўгода дзве сям’і жылі пад адным дахам. І ніколі не ўзнікала ніякіх непаразуменняў. Узаемавыручка ў вялікай радні перадаецца з пакалення ў пакаленне. А з узростам гэта пачуццё толькі мацнее. Марына і Іна закончылі школу, прафтэхкаледж і вярнуліся ў бацькоўскі дом. Бацькі даглядалі цялят, дочкі працавалі аператарамі машыннага даення.

Сёстры Іна Хацяновіч і Марына Міхновіч

Марына выйшла замуж у Лучай і абуладкавалася там. На мясцовай ферме ёй даверылі самы адказны ўчастак — раздой першацёлак. Праз 12 гадоў, каб быць побач з роднымі, вярнулася з сям’ёй у ААТ «Хацілы-­агра». Яе адразу прынялі падменнай даяркай. А пазней зноў доўгі час займалася раздоем. Прывучыць маладую карову да дойкі няпроста: патрэбны сіла, цярпенне, вынослівасць. У Марыны атрымлівалася выдатна. Доўгі час сёстры шчыравалі на розных фермах, а калі ўвялі ў эксплуатацыю рабатызаваную ў Волахах, перайшлі туды. У жывёлагадоўлі працуюць і мужы Іны і Марыны.

Умовы працы на новым ком­плексе карэнным чынам ад­розніваюцца ад тых, якія на старых фермах. Кароў дояць робаты, але за камп’ютарамі сачыць трэба пільна. Даенне кругласутачнае. Змена аператара доўжыцца 12 гадзін. Нягле­дзячы на тое, што практычна ўсе працэсы механізаваныя, хапае спраў і работнікам фермы.

— Добрыя вынікі — заслуга ўсяго калектыву, — гаварылі сёстры. — Жывёлагадоўля — гэта тая галіна, дзе ўсё ўзаемазвязана. Кармоў у нашай гаспадарцы пастаянна ўдосталь, яны высокай якасці, своечасова і якасна праводзіцца асемяненне кароў. Таму і сярэдні надой ад кожнай за мінулы год склаў 8 520 кілаграмаў.

Сёстры працуюць у розныя змены. Для іх гэта было асабліва зручна, калі на сваіх падвор’ях абедзве трымалі шмат жыўнасці. Пакуль адна на рабоце, другая даіла і сваіх кароў, і сястры. Даходы ад уласнай гаспадаркі дапамагалі падымаць на ногі дзяцей. У Іны іх чацвёра. Усе атрымалі спецыяльнасці і ўжо самастойныя. У Марыны старэйшы сын і дачка маюць сем’і, падрастаюць пяцёра ўнукаў, малодшы сын праходзіць тэрміновую службу ў пагранічных войсках. Дзеці, як і іх бацькі, працавітыя, на добрым рахунку ў сваіх калектывах.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.