ТЦСОН организует смотр-конкурс «Лучшее подворье-2022» для пожилых граждан

Важное Общество

ТЦСАН прапануе пажылым грамадзянам з фантазіяй высадзіць кветкі на клумбах і арыгінальна абуладкаваць двор.

Ён арганізуе агляд-конкурс «Найлепшае падвор’е-2022». Расказаць пра яго падрабязней карэспандэнт «ПК» папрасіла намесніка дырэктара ўстановы Вольгу Антух.

— Вольга Вітальеўна, як прыйшла ідэя зладзіць такое мерапрыемства?

— Яркія клумбы, малыя архітэктурныя формы на падворку, акуратная агароджа вакол дома — гэта сведчанне таго, што ў доме жывуць сапраўдныя гаспадары. І не абавязкова маладыя. Нярэдка можна бачыць, як на клумбах шчыруюць пажылыя  жанчыны, абапіраючыся на маленькае крэселка або ляску. Для таго каб адзначыць самых старанных і творчых, і аб’явілі агляд-конкурс. Ён прысвечаны Году гістарычнай памяці і ла­дзіцца ў рамках рэалізацыі нацыянальнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь «Актыўнае даўгалецце-2030» з мэтай забеспячэння дзяржаўнай і грамадскай падтрымкі пажылых, развіцця іх культурных і духоўных патрэб, папулярызацыі дзелавога і творчага патэнцыялу, заахвочвання да добраўпарадкавання прыдамавой тэрыторыі.

— Каго запрашаеце да ўдзелу?

— Грамадзян пажылога ўзросту, якіх абслугоўвае ТЦСАН. І не толькі тых, хто жыве ва ўласным доме з прысядзібным участкам, а таксама пенсіянераў са шматкватэрных дамоў, якія маюць дачныя ўчасткі. Калі ў доме ўласнікаў некалькі, удзельнікам стане прадстаўнік дома. Дапамогу ў добраўпарадкаванні могуць аказваць як сацыяльныя работнікі, так і сем’і ўдзельнікаў. Задачы конкурсу: захаванне сувязі пакаленняў, развіццё сямейнай пераемнасці, адраджэнне сядзіб на малой радзіме, папулярызацыя сярод насельніцтва вядзення падсобнай гаспадаркі.

— Назавіце намінацыі конкурсу.

— Напрыклад, «Ад прыроды — матэрыял, ад майстра — талент». Многія нашы падапечныя ствараюць прыгожыя вырабы з дрэва, агародніны, фруктаў. Іх і запрашаем прыдумаць на конкурс штосьці новае і арыгінальнае.

У намінацыі «Кветкавая фантазія» ацэнім кампазіцыі з кветак. А незвычайныя нарыхтоўкі з вырашчанага ўраджаю будуць прадстаўлены ў намінацыі «Сабе на карысць». «Кветнік ля пад’езда» — намінацыя для тых, хто пражывае ў шматпавярхоўках. Гаспадары, якія маюць падсобную гаспадарку, могуць заявіць сябе ў намінацыі «Я на падворку не адзін». Найлепшае падвор’е будзе вызначана ў комплексе намінацый.

— Па якіх крытэрыях будзеце ацэньваць падворак і прадстаўленыя на конкурс вырабы?

— Будзе ўлічвацца разнастай­насць кветак, асартымент агароднінных і пладова-ягадных культур, наяўнасць і ўтрыманне хатняй жывёлы, эстэтычнае афармленне прыдамавой тэрыторыі, дачнага ўчастка, гарманічнасць пабудоў і ўпрыгажэнняў, прысутнасць элементаў мясцовай культуры і традыцый, асаблівасцей прыроднага асяроддзя і беражлівыя адносіны да яго.

Вясна ўбіраецца ў сілу. Таму рэкамендую ўжо падбіраць і набываць насенне і расаду кветак, планаваць іх пасадку, арыгінальна аздабляць свой двор і пада­ваць інспектару па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі дома ТЦСАН заяўку на ўдзел. У ліпені члены арганізацыйнай камісіі загля­нуць да канкурсантаў, пазнаёмяцца з імі і ацэняць клумбы, утрыманне падсобнай гаспадаркі. Усе вырабы нашых майстроў збяром і арганізуем з іх выставу падчас мерапрыемства, прымеркаванага да Дня пажылых людзей. На ім падвядзём канчатковыя вынікі, узнагародзім пераможцаў.

Гутарыла Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.