Бывший малолетний узник фашизма Надежда Дудкова поделилась своими детскими воспоминаниями

Важное Общество

Моцная не толькі духам

Пакуль не забуяе зеляніна, апусцелыя вёсачкі наганяюць самоту. Але, напэўна, толькі на тых, хто не з’яўляецца іх карэнным жыхаром. Для таго, хто нара­дзіўся, вырас і да глыбокай старасці пражыў у вёсцы, яна ў любую пару года — найдаражэйшы куточак.

Вось і ўсё жыццё Надзеі Дудковай прайшло ў Дуброве, што на Курапольшчыне. За выключэннем бясконца доўгіх і пакутлівых месяцаў з кастрычніка 1943-га па май 1945-га, праве­дзеных у фашысцкай няволі.

— Мне было ўсяго 3 гады, брату — 6, калі вывозілі ў Германію, — успамінае былы малалетні вязень фашызму. — Памятаю няшмат. Але ж расказвала мама, суседзі. Калі немцы першы раз увайшлі ў Дуброва, яны ўсіх людзей сагналі ў сад, навялі на іх кулямёт. Напэўна, расстралялі б, бо непадалёк вёскі хтосьці забіў немца. Выратавала тое, што ў Дуброве жыў чалавек, які ваяваў на фронце ў Першую сусветную вайну, быў захоплены немцамі ў палон і там вывучыў іх мову. Яму ўдалося пераканаць акупантаў у тым, што вяскоўцы не вінаватыя ў гібелі іх таварыша, што яны не звязаныя з партызанамі.

Захопнікі «памілавалі» дуброўцаў — не забралі іх жыцці. А вёску спалілі. Забралі ўсю скаціну. Адну частку людзей пагналі ў Варапаева, другую — у Полава. З Полава многім удалося ўцячы. Вярнуліся ў Дуброва на папялішчы. Хаваліся на могілках. І тут — паўторная аблава. Спачатку вяскоўцаў загналі ў пастаўскае гета, адтуль — на станцыю ў Гадуцішкі. Там пагрузілі ў таварнякі — і на Захад. Надзіна маці працавала токарам на заводзе. Галадавалі і дарослыя, і дзеці. Жылі ў бараках побач з рускімі, украінцамі, палякамі. Ва ўсіх нявольнікаў была аднолькавая нядоля.

Але для сям’і Касарэўскіх (дзявочае прозвішча Надзеі) у Германіі адбылася і радасная па­дзея. Справа ў тым, што яе бацьку ў 1939 годзе прызвалі ў польскую армію. 1 верасня таго ж года Германія напала на Польшчу. На фронце Антон Касарэўскі трапіў у палон і працаваў на Нямеччыне ў баўэра. Да пачатку Вялікай Айчыннай змог падаць з чужыны вестачку родным. Маці ведала, дзе яе муж, і стала прасіцца да яго. Не ўсе немцы былі азвярэ­лымі фашыстамі. Знайшліся і такія, хто пашкадаваў маладую жанчыну з двума малымі дзецьмі і адправіў яе з лагера да таго баўэра, дзе знаходзіўся яе муж.

— Сям’я цудам уз’ядналася. «Але ненадоўга, — цяжка ўздыхае Надзея Антонаўна. — Пасля Перамогі ўсіх нас звозілі на зборныя пункты і сартавалі, куды каго адправіць. Нас з мамай — на Радзіму, а вось тату, паколькі ён быў ваеннапалонным, — на шахту ў Данбас. Ён вярнуўся дадому толькі ў 1948-м. Да гэтага часу мы ўжо ўсяліліся ў невялічкую, з адным акном, хаціну, якую дапамаглі ўзвесці татавы браты. А ўвогуле ў Дуброве пасля вайны я жыву ўжо ў трэцяй хаце: дзве згарэлі падчас пажараў, якія ўспыхнулі ў вёсцы ў 1948 і 1955 гадах.

Гора на яе век хапіла: дзяцінства ў нямецкай няволі, галеча пасля вяртання на Радзіму, цяжкая праца ў калгасе, догляд баць­кі, які пасля інсульту 14 гадоў праляжаў інвалідам, заўчасная, у 48 гадоў, смерць дачкі, страта мужа… Але Надзея Антонаўна, як і многія яе равеснікі, моцная духам жанчына. Ды і фізічная праца ёй яшчэ па сілах. Бачу падрыхтаваныя да сяўбы градкі, клад нашчапаных дроў і пытаюся ў гаспадыні: «Сынава работа?» (Юрый жыве ў суседніх з Дубровам Балаях, працуе на сельгаспрадпрыемстве трактарыстам — аўт.) А ў адказ чую нечаканае: «Сама нашчапала дроў. Юра толькі папілаваў. І з лапатай яшчэ ўпраўляюся. Кожную суботу ў лазню вады нанашу і працеплю. Вядома, усё парабілі б сын з нявесткай. Але і сама не магу без справы. Я ж усё жыццё гартавалася працай».

Гэта загартоўка ды вера ў Бога дадаюць Антонаўне духоўных і фізічных сіл.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.