Как на Поставщине реализуется проект «Сохраним историю», посвященный событиям ВОВ?

История

За скупым радком на абеліску

У пачатку 2022-га пад эгідай Года гістарычнай памяці актывісты рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі» запусцілі патрыятычны праект «Захаваем гісторыю», прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны на беларускай зямлі. Яго ўдзельнікамі сталі сотні навучэнцаў школ і студэнтаў педагагічных ВНУ з розных куткоў краіны.

«Сёння на тэрыторыі нашай рэспублікі знаходзіцца больш за 40 тысяч пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Аднак мала хто ведае іх гісторыю, а тым больш не можа нават уявіць, што давялося перажыць нашым продкам. Мы хочам даць людзям магчымасць даведацца гісторыю гэтых мясцін і акунуцца ва ўспаміны салдат і відавочцаў тых страшных па­дзей», — гаворыцца ў канцэпцыі праекта, накіраванага ва ўсе раённыя цэнтры Беларусі з просьбай аказаць садзейнічанне ў яго рэалізацыі. У прыватнасці, арганізатары папрасілі вызначыць у кожным раёне 9 помнікаў або мемарыяльных комплексаў, якія ў першую чаргу будуць занесены на спецыяльна створаную інфармацыйную платформу, выбраць гісторыі відавочцаў альбо ўдзельнікаў тых падзей, якім прысвечаны помнік ці мемарыяльны комплекс, і пера­даць усё гэта да канца красавіка ў РГА «Патрыёты Беларусі».

Калі супрацоўнікі Пастаўскага раённага краязнаўчага музея атрымалі названы дакумент, яны звязаліся з кіраўніком праекта «Ствараем гісторыю разам» і пошукавага атрада «Нашчадкі Перамогі» СШ №4 Наталіяй Федаровіч і прапанавалі вучням школы прыняць удзел у рэспубліканскім праекце. Адміністрацыя навучальнай установы падтрымала гэту ідэю, і работа закіпела. Разам з музеем былі выбраны брацкія магілы савецкіх салдат у скверы на плошчы Леніна і па вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах, Варапаеве, Манькавічах, Лынтупах і Камаях, пахаванні расстраляных фашыстамі мірных жыхароў у райцэнтры і Дунілавічах, а таксама помнік партызанцы Надзеі Асяненцы ў Ліпніках. Вырашана, ад імя якіх асоб будзе весціся апавяданне.

Пісаць сачыненні ўзяліся вучні 8 «А» і «Б» класаў Вераніка Зубкевіч, Захар Канаш, Анастасія Седзюкевіч і Аліна Гінявец. Яны вывучылі біяграфіі сваіх герояў, пранікшыся гісторыямі іх лёсаў, якія абарвала вайна. Таму работы атрымаліся глыбокімі, эмацыянальна шчырымі, прасякнутымі бязмежнай любоўю да Радзімы і жыцця. Пры іх напісанні школьнікі выкарыстоўвалі гісторыка-дакументальную хроніку «Памяць. Пастаўскі раён», зборнік успамінаў «За скупой строкой на обелиске…» і інфармацыю, якую даў музей.

Мяркуецца, што сачыненні школьнікаў і студэнтаў будуць алічбаваны і размешчаны на інтэрнэт-платформе ў аўдыя- і відэафарматах. А ў кожным са 118 раённых цэнтраў Беларусі да канца года ўстановяць інфармацыйныя манументы ў памяць пра Вялікую Айчынную вайну, аснашчаныя QR-кодамі.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.