Иван Кирплюк из аг. Хотилы не любит вспоминать годы, проведенные на войне в Афганистане

История

А памяць у запас не сыходзіць – лічыць Іван Кірплюк з аграгарадка Хацілы.

У далёкі, незнаёмы і ахоплены вайной Афганістан прапаршчык Іван Кірплюк з воінскай часці, якая дыслацыравалася ў 6 гарадку нашага горада, адправіўся восенню 1983 года. Дома засталіся стары бацька і жонка з пяцігадовай дачушкай. Упершыню жах ад таго, што адбываецца ў гэтай гарачай кропцы, адчуў пры сустрэчы з афіцэрамі ў Ташкенце: яны вярталіся назад, адвёзшы на Радзіму ў цынкавых трунах целы загінулых. Прасіў Усявышняга, каб толькі не стаць грузам 200.

Новы, 1984-ы, год сустракаў у нарадзе ў воінскай часці ў Шындандзе. Адтуль калонай у суправаджэнні БТРаў разам з іншымі таварышамі па службе выязджаў на аэрадромы будаваць пляцоўкі для пасадкі верталётаў, дастаўляў прадукты харчавання з акружных складоў. Часта калона трапляла пад абстрэлы душманаў, і на базу шанцавала вярнуцца на прабітых кулямі колах і зрыкашэчаных машынах, але без людскіх страт.

Бамбілі і базу. І ў кожным выпадку ракеты не даляталі ўсяго метраў 300. Самае складанае — знаходжанне ў гарах, дзе невыносна высокая тэмпература днём і неймаверны холад ноччу, недахоп кіслароду і пітной вады, пастаяннае напружанне ад раптоўнай сустрэчы з праціўнікам.

Я рэдка бачыла, каб плакалі мужчыны. У Івана Іванавіча пры размове са мной вочы блішчэлі ад слёз увесь час. Здаецца, што ён спачатку «фільтраваў» тыя падзеі і мне расказваў толькі частку з перажытага.

— Іван не любіць успамінаць гады, праве­дзеныя на вайне, — гаварыла жонка. — А я і не лезу ў душу. Калі глядзіць тэлеперадачы пра Афганістан, плача, і мне баліць за яго сэрца.

Іван нарадзіўся ў Куртах. Закончыў целякоўскую васьмігодку, затым у Пастаўскім СПТВ-2 атрымаў прафесію трактарыста. Тэрміновую службу праходзіў у Жытомірскай вобласці. Свой далейшы лёс марыў звязаць з арміяй, але дома чакалі бацька і маці — і ён вярнуўся да іх. Мару ажыццявіў пазней, прызваўшыся на звыштэрміновую службу ў лётную часць 6 гарадка.

Яму было крыху больш за 30, калі накіравалі ў Афганістан замяніць аднапалчаніна — таксама пастаўчаніна Іосіфа Лешчыка.

— Загады абмяркоўваць было не прынята, — гаварыў Іван Кірплюк. — Сказалі ехаць — паехаў. Нас адпраўлялі выконваць інтэрнацыянальны абавязак. І для майго пакалення гэта былі не проста словы. Мала­дзенькія салдаты яшчэ жыць не навучыліся, а тут трэба было ваяваць. Гэту навуку спасцігалі ў чужой краіне, у экстрэмальных умовах. З землякоў разам са мной у нашай часці ў Афганістане не было нікога. А ў суседнім кішлаку ваенным саветнікам служыў Канстанцін Савіцкі, якога ведаў па ранейшым месцы службы ў 6 гарадку. Некалькі разоў сустракаўся з ім. З Канстанцінам Пятровічам там жыла жонка і дзве дачкі.

Не перадаць радасці, калі ў снежні 1985-га Іван Кірплюк атрымаў дазвол вярнуцца на Радзіму! Думаў: бывай, Афганістан! Але ён не сціраецца з памяці нават праз 40 гадоў. Па-ранейшаму сняцца кішлакі, дарогі, горы, баявыя таварышы. Да выхаду на пенсію Іван даслужыў у лётнай часці. Пасля звальнення ў запас працаваў у прафтэхкаледжы. Цяпер займаецца хатнімі справамі.

З воінам-інтэрнацыяналістам гартаем фотаальбомы, перабіраем здымкі.

— Вось мы пасля атрымання медалёў «За баявыя заслугі», — каменціруе чарговы здымак Іван Іванавіч. — Лёс раскідаў па свеце аднапалчан. Некаторых я знайшоў праз сацыяльныя сеткі, многіх ужо няма ў жывых. Блізка сябраваў са сваім камандзірам часці з 6 гарадка Анатолем Калмыком, які таксама прайшоў дарогамі афганскай вайны. Светлая яму памяць. На мітынгу ў скверы па вуліцы Гагарына, прысвечаным памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, заўсёды рады сустрэчы з Валодзем Варашкевічам, які крыху пазней за мяне служыў у Афганістане, іншымі «афганцамі». Радзеюць нашы рады. Пастаянна дзякую лёсу, што куля мяне абмінула. А мае землякі Аляксандр Урбель з Турлаў і Радзівон Мішута з Волахаў, на жаль, вярнуліся дадому грузам 200 і спачываюць на вясковых могілках.

Іван Кірплюк на Дзень Незалежнасці Беларусі будзе адзначаць 70-ы год нараджэння. Ён вядзе актыўны лад жыцця, з жонкай трымаюць карову і свіней, іншую жыўнасць. Мае мотаблок і трактар «Беларус», усё навясное да яго. Цяпер шчапае дровы. Работа адцягвае ад балючых успамінаў.

Анна Анішкевіч
Фота аўтара і з сямейнага альбома Івана Кірплюка



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.