Учащиеся СШ №4 благоустроили территорию вокруг памятника ВОВ в д. Тешелово

История

Памяць у спадчыну перадаецца

Дом, у якім я жыла ў дзяцінстве, быў двухпавярховым на 8 кватэр. У трох з іх пражывалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны: бацька і сын Казімір і Яўгеній Данасевічы, Антон Курцэвіч, Мікалай Чатовіч. Добра памятаю, як на Дзень Перамогі яны апраналі святочныя пінжакі з мноствам медалёў і ішлі да помніка-абеліска загінулым землякам, што ўстаноўлены ў цэнтры Цешалава.

Побач з помнікам знахо­дзілася пачатковая школа, дзе я вучылася. Напярэдадні свята 9 Мая мы разам з настаўніцай заўсёды наводзілі там парадак, вучылі вершы пра Перамогу. На мітынг збіралася шмат людзей. І не толькі мясцовыя жыхары — прыходзілі і з суседняй Пухаўкі. На саўгасным аўтобусе прывозілі ветэранаў і ўсіх жадаючых з іншых навакольных вёсак. Прадстаўнікі мясцовага саўгаса «Пастаўскі» ўскладалі да помніка вянкі.

Кветкі ад удзячных нашчадкаў

У сярэдняй школе я вучылася ў Лукашове, пачатковая ў Цешалаве закрылася. Мы, школьнікі, таксама ўдзельнічалі ва ўрачыстых мерапрыемствах ля помніка. Тут найлепшых вучняў прымалі ў піянеры. Гальштукі ім павязвалі ветэраны Вялікай Айчыннай. Атрымаўшы адукацыю, праз пэўны час я ўзначаліла лукашоўскую школу, якая і прадоўжыла шэфстваваць над знакавым для вяскоўцаў месцам. Ветэранаў заставалася ўсё менш і менш, а мне ўсё цікавей было слухаць іх успаміны. Але былым франтавікам, партызанам яны даваліся цяжка. Няпроста было ўгаварыць іх выступіць на мітынгу. Добра памятаю братоў Васілія і Анатолія Гілёў, іх суседа Антона Гіля, Пятра Жолнера, партызанку Юзэфу Валодзьку. З Жалязоўшчыны — Івана Курцэвіча, з Сіманаў — Івана Сіманёнка, з Сакалоў — Міхаіла Танану, з Ажарцаў — Аляксея Новікава.

На пліце ля помніка-абеліска значыцца 28 прозвішчаў мужчын, якія загінулі на франтавых дарогах. Даўно адышлі ў свет іншы не толькі ветэраны, але і большасць іх родных. Няма і лукашоўскай школы. Пасля яе закрыцця парадак ля помніка мы наводзілі разам з работнікамі лукашоўскага клуба, навасёлкаўскай бібліятэкі, маладзейшымі мясцовымі жанчынамі. 9 Мая сюды прыходзяць усе вяскоўцы, у тым ліку пажылыя, хто яшчэ мае сілы. Да многіх прыязджа­юць дзеці і ўнукі. І яны прыносяць кветкі, ушаноўваюць памяць пра продкаў. Летась, напрыклад, сабраліся чатыры пакаленні Падгайскіх. І так кранальна было, калі дачка ўдзельніка вайны Фабіяна Варашкевіча прамовіла малітву за загінулых і памерлых! А яго праўнучкі Марыя і Аляксандра з 3-гадовымі прапраўнукамі франтавіка Мішам і Палінай усклалі кветкі да помніка. Падумала: як добра, калі памяць перадаецца ў спадчыну з пакалення ў пакаленне

Сёлета па ініцыятыве старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Ганны Літвіновіч тэрыторыю вакол помніка добраўпарадкавалі навучэнцы ваенна-патрыятычнай групы СШ №4. Дзякуй ім за дапамогу. А ў Дзень Перамогі зноў ля помніка затрымцяць агеньчыкі лампадак, прагучыць ціхая малітва, лягуць на пліту першыя цюльпаны і паплывуць успаміны пра герояў-землякоў. Нам недаравальна забыць тых, хто 77 гадоў таму здабыў для нас мірнае неба.

Святлана Мелец, старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.