Куда делась молочка? Этим вопросом жители деревень задаются уже месяц

Главное Общество

Куды падзелася малочка?

Гэтым пытаннем ужо месяц задаюцца вяскоўцы, якія не маюць іншай альтэрнатывы, чым набываць прадукты і прамысловыя тавары ў аўталаўках альбо ў сельскіх магазінах Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства. Сітуацыя выклікае ў людзей кагнетыўны дысананс. Пасадзейнічаць у вырашэнні праблемы рэдакцыю райгазеты папрасіла Зоя Лудборж з Навінак.

«У адзіным мясцовым магазіне «Амур», які працуе 3 разы на тыдзень, амаль знікла малочная прадукцыя. За апошні месяц яе завозілі толькі некалькі разоў, — паведаміла жанчына. — І калі ў Паставах тое ж малако можна набыць любой маркі і тлустасці, то як быць нам, сельскім жыхарам? І ў першую чаргу «бяс­конным» пенсіянерам? Гэта я не кажу яшчэ пра надзвычай «сціплы» асартымент тавараў: мы ўжо забыліся, калі ў апошні раз бачылі свініну і кураціну, няма агародніны і цыгарэт, якія б ахвотна набывалі мужчыны».

Каб разабрацца ў сітуацыі, адпраўляюся па адрасе звароту. У «Амуры» асартымент тавару на паліцах, і праўда, небагаты, але нават пасля атаварвання мясцовых жыхароў ёсць і тварог, і сыр, і малако, і масла.

Увесь асартымент мясных прадуктаў у магазіне «Амур» в. Навінкі

— У нас сёння малочны рай, — сцвярджае прадавец Рыма Собалева, якая прыязджае ў Навінкі з парыжскага магазіна адпускаць тавар. — Малочную прадукцыю завезлі ажно трох вытворцаў: з Віцебска, Полацка і Пастаў. Было 10 пакетаў малака і 5 — смятаны нашага малаказавода. Але так бывае не заўсёды. Гэта прыемнае выключэнне, а не правіла. Ёсць перабоі і з мясной прадукцыяй.

Як бы там ні было, мясцовыя жыхары задаволеныя і прадаўцамі, і графікам работы магазіна, і тым, што ён увогуле ёсць.

— Мець стацыянарны магазін намнога зручней, чым у любое надвор’е чакаць на вуліцы аўталаўку, — упэўненая 80-гадовая жыхарка Навінак Станіслава Юхновіч. — Прэтэнзій да прадаўцоў не маем, а вось да напаўняльнасці гандлёвага аб’екта яны ёсць. Даўно не было малака, масла. Іншы раз забяліла б на вячэру макарону, а няма чым. Была б маладзейшая, можа, і з’ездзіла б на веласіпедзе ў магазін у іншую вёску, але ў маім узросце, бадай, толькі палку змагу абжаргаць.

Праблема вяскоўцаў добра вядомая старшыні Казлоўшчынскага сельскага Савета Ірыне Кукоўскай. Па яе словах, перабоі з таварамі існуюць прыблізна месяц, на што актыўна скардзяцца мясцовыя жыхары. Іх у вёсцы прапісана 53 чалавекі, карову трымае толькі адна сям’я.

— Маладзейшым няма калі даглядаць жывёлу, бо занятыя на працы. А тую ж карову трэба летам і ў абед падаіць. Людзі сталага веку не маюць сіл. Карміцелька, як называлі яе нашы продкі, ужо ў вёсцы стала раскошай. Хутка ў Чырвоную кнігу давядзецца заносіць, — жартуе Ірына Георгіеўна. — Малако «не даязджае» не толькі да Навінак. Тое ж самае назіраецца і ў Парыжы. Толькі з той розніцай, што там ёсць прыватны магазін і людзі могуць набыць малочную прадукцыю ў ім.

Для паўнаты карціны заязджаю ў магазін «Парыж» Пастаўскага філіяла аблспа­жыў­таварыства, каб вывучыць асартымент. У параўнанні з «Амурам» у ім удосталь мясной прадукцыі, рыбы, розных паўфабрыкатаў, шашлыкоў, тартоў. Ёсць не толькі бульба, морква, яблыкі, капуста, але і экзатычная садавіна: ківі, апельсіны, памела. Больш сціпла выглядае малочная вітрына: няма ні смятаны, ні кефіру, а бутэлькі малака «Сафійка» расстаўлены ў ­адзін рэдкі рад. Фактычна такія ж цуды мерчандайзінгу назіраюцца ў выкладцы макароны і прамысловых тавараў, а на верхніх паліцах замест тавару — вазоны.

Малочная вітрына ў дзяржаўным магазіне в. Парыж

Вяртаючыся ў рэдакцыю, цікаўлюся сітуацыяй у варапаеўскай зоне. Яна аналагічная.

— Ад недахопу малочнай прадукцыі пакутуюць жыхары населеных пунктаў, якія абслугоўваюць аўталаўкі: Чорнага, Фяркоў, Паўлюг, Белек, Полава. Не ў поўным аб’ёме завозіцца яна і ў магазін у Старым Двары. Напрыклад, замест заказаных 30 літраў малака даюць толькі 6, — расказвала старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская. — Пытанне падымалася на розных узроўнях, але пакуль застаецца без адказу. Самае крыўднае, што такі «сэрвіс» б’е па пенсіянерах, якія не маюць уласнага транспарту. Між тым яны ўсё жыццё адпрацавалі на зямлі, на ферме, а зараз засталіся без малака. Добра, калі ў каго дзеці жывуць паблізу і могуць прывезці яго. Але ж не ўсе наведваюць бацькоў кожны тыдзень. У нас усё добра з харчовым забеспячэннем толькі ў гарпасёлку Варапаева і Гуце.

Але і там пайшла ланцужковая рэакцыя: калі раней ішлі ў дзяржаўны магазін і куплялі хлеб, малако і іншае, то зараз пераарыентаваліся і, абмінаючы яго, накіроўваюцца адразу да прыватнікаў. І так па ўсім раёне.

Людзі незадаволеныя і патрабуюць тлумачэнняў, а найперш — наяўнасці неабходных тавараў у аўталаўках і магазінах.



Каментарый у тэму:

У сувязі са знешняй эканамічнай і палітычнай сітуацыяй, а таксама з прычыны часовых фінансавых цяжкасцей нашага філіяла ўзніклі перабоі ў пастаўцы сыравіны, адсутнічаюць некаторыя групы тавараў. Вядзецца сумесная работа з Віцебскім абласным спажывецкім таварыствам і Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам па насычэнні рознічнай гандлёвай сеткі.

Кацярына Аўгусціновіч, намеснік дырэктара Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства



Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.