Мамой нельзя работать, ей нужно быть — утверждали приемные мамы на мероприятии, посвященном Международному дню семьи

Общество

Яно ладзілася ў раённым Доме культуры. Перад пачаткам сустрэчы ў фае бясконца чулася: «Мама! Мама! Мама!» Малыя дзеці прасіліся на рукі, старэйшыя нешта хацелі высветліць, выказаць сваё меркаванне або падзяліцца ўражаннем. А мамы аднаго гладзілі па галоўцы, другога прытулялі да сябе, трэцяму штосьці шапталі на вуха, чацвёртага супакойвалі, памахаўшы пальцам. Глядзела на гэты шумны вулей і думала: большасць сямейных пар рашаюцца толькі на аднаго-двух дзяцей, матывуючы тым, што іх цяжка выхоўваць і вельмі няпроста матэрыяльна ўтрымліваць вялікую сям’ю. А гераіні тэматычнай сустрэчы выхоўваюць не толькі сваіх дзяцей, але і прыёмных. На сустрэчу запрасілі 7 прыёмных мам, у якіх найбольшы вопыт такой работы. Пра многіх з іх наша газета пісала. Але прайшоў час, і многае змянілася.

У нашым раёне пражываюць 66 прыёмных і апякунскіх сем’яў. У іх выхоўваюцца 117 дзяцей.

У Таццяны Пасечнік пяцёра родных дарослых сыноў. За іх выхаванне жанчына ўдастоена ордэна Маці. З 2011 года з’яўляецца прыёмнай мамай. Перад пачаткам гэтага навучальнага года сям’я пераехала ў дом сямейнага тыпу, дзе выхоўваецца 11 прыёмных дзяцей. Тут усіх ахінаюць клопатам і любоўю. У кожнага ёсць свае абавязкі, за добрасумленнае выкананне якіх можна атрымаць заахвочванне. На мерапрыемстве дзеці расказвалі пра традыцыі сям’і, чыталі вершы і запэўнівалі, што мама і тата — гэта падтрымка, суцяшэнне, замілаванне, радасць.

Гісторыя Таццяны Кустры пачалася з заметкі ў нашай раённай газеце «Шура хоча ў сям’ю». Прачытала — і захацелася саг­рэць сваім мацярынскім цяплом абяздоленую дзяўчынку. Тым больш што родная дачка Алена марыла пра сястрычку. Сашы было 7 гадоў, калі яна трапіла ў прыёмную сям’ю. Цяпер ёй 23. Паўгода таму Аляксандра сама стала мамай. Па-ранейшаму прыязджае ў прыёмную сям’ю, дзе ўжо выхоўваюцца Маша, Віка і Ніка. Яшчэ адна прыёмная дачка Таццяны, Маргарыта, вучыцца на 1-м курсе Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Усе разам яны лю­бяць бываць у Алены, якая жыве ў Юньках і мае траіх дзетак.

Наталля Вараб’ёва на работу ў дзіцячы сад прыйшла па прыкладзе маці, якая загадвала гэтай установай. У 90-я гады ў сувязі са скарачэннем штату ў садку Наталля Антонаўна стала выхавальнікам школы-інтэрната. Цяжка адаптавалася, праз сэрца прапускала дзіцячыя лёсы, кожнага выхаванца хацела прытуліць да сябе. Адна з дзяўчынак моцна прывязалася да выхавальніцы. Родная дачка была ўжо самастойнай і параіла маці ўзяць прыёмную. Але Аляксандру ўдачарыла сям’я з Італіі, куды дзяўчынка выязджала на аздараўленне і дзе цяпер жыве. Сувязь падтрымліваюць. А Наталля Вараб’ёва ўзяла на выхаванне 11-гадовую Насцю і 8-гадовую Віку.

Люцыя Пупкевіч — з мнагадзет­най сям’і і сама мнагадзетная мама: Косцю 26 гадоў, Анжаліцы — 23, Ягору — 18. Калі дачцэ было гадоў 10, яна сказала, што хоча сястрычку. І Пупкевічы ўзялі Яну і яе брата Віталія. У той час жылі ў Вярэньках, любілі вясковы ўклад жыцця, сямейныя святы. Прыёмныя дзеці выраслі. Яна закончыла педагагічны каледж, жыве ў Оршы, завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю. Часта прыязджае да прыёмных бацькоў, пазнаёміла іх са сваім хлопцам. Віталій працуе ў ААТ «Паставымэбля». На сустрэчу Люцыя Іванаўна прыйшла з прыёмнымі роднымі братамі Арцёмам і Ромам і дзяўчынкай Палінай. Хлопчыкі наведваюць цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Пастаўскага раёна, Палінка — дзіцячы сад.

Самае складанае — справіцца з сабой, сваімі эмоцыямі і рэакцыяй на непажаданыя паводзіны дзяцей, — гаварыла Люцыя Пупкевіч. — Але нам з мужам Валерыем падабаецца быць камусьці патрэбнымі, клапаціцца пра іншых і бачыць вынік свайго старання, асабліва на прыкладзе Ромы і Арцёма.

У мяне два родныя сыны, 39-і і 36-і гадоў, і чатыры прыёмныя, — расказвала Надзея Фядзевіч. — Маю пяцярых унукаў, старэйшаму з якіх 17 гадоў. Рашыцца стаць прыёмнай мамай падштурхнула сумленне: маю маму ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калі яна, малая, страціла сваю сям’ю, узялі чужыя людзі і выхавалі. І яна пастаянна вучыла мяне клапаціцца пра іншых. Таму і я ўзяла братоў Сашу і Валеру. Аднаму з іх цяпер 21 год, другому — 19. Першы закончыў лепельскі каледж, жыве і працуе ў Мядзеле. Другі заканчвае пастаўскі каледж, праходзіць вытворчую практыку ў ААТ «Хацілы-агра».

А Надзея Міхайлаўна з мужам Віктарам Іосіфавічам не шкадуюць свайго цяпла яшчэ для двух братоў: 9-гадовага Колі і 8-гадовага Дзімы.

Піянерам у плане апекі над чужымі дзецьмі можна назваць пастаўчанку Таццяну Жукаву. Шмат гадоў таму, калі сям’я жыла ў мікрараёне будаўнікоў, яе ўвагу прыцягнулі навасёлы, якія пастаянна крыўдзілі свайго сына Віталія. А аднаго разу Таццяна сустрэла гэтага хлопчыка па дарозе ў лес: дзіця на веласіпедзе ехала ў ягады. З часам Віталій пасябраваў з родным сынам Таццяны, і яна аформіла над ім апякунства. Цяпер Віталію 38, і ён жыве ў Жукавых. Кацю ўзялі са школы-інтэрната. На выхадныя да яе прыходзілі сяброўкі, потым адшукаліся родныя браты і сёстры. Для ўсіх у Таццяны Міхайлаўны хапала чуласці, цеплыні сэрца. І дзеці плацілі ёй любоўю. Каця жыве ў Італіі, прыязджала з маленькай дачушкай сюды ў госці. Не забываюць прыёмную маму Уладзік і Вадзім. Усяго Таццяна Жукава выхавала 9 прыёмных дзяцей. Для чацвярых з іх сям’я была гасцявой. Кожным з дзяцей ганарыцца і лічыць сваім. А 3 гады таму орган апекі ўгаварыў жанчыну ўзяць Вераніку.

Вельмі хвалявалася, — успа­мі­нала Таццяна Жукава. — Ранейшыя дзеці, якіх брала на выхаванне, былі інтэрнатаўскімі. А Вераніка жыла ў сям’і. І калі яе маці пазбавілі мацярынскіх правоў, я забрала дзяўчынку да сябе. Яна адразу ўлілася ў наш сямейны калектыў. Вельмі здольная: вучыцца на адны дзясяткі, спрабуе пісаць вершы, цудоўна спявае.

У 2004 годзе Таццяна Жукава ўзначаліла клуб прыёмных сямей «Надзея». Да пачатку пандэміі ў ім рэгулярна ладзіліся сустрэчы, разам адзначаліся дні нараджэння, розныя святы. Работа клуба пакрыху аднаўляецца. Некалькі сустрэч прайшло ў гасцінным доме сямейнага тыпу Пасечнікаў.

45 гадоў сумеснага жыцця сёлета адзначылі Аліна і Бенядзікт Граблеўскія з Вярэнек. Яны далі жыццё дачцэ Марыне і сынам Юрыю, Валерыю і Івану, якія падарылі ім ужо 7 унукаў. Калі дачка нарадзіла другое дзіця, у дзіцячым аддзяленні неяк убачыла аднагадовую дзяўчынку, бацькоў якой пазвабілі правоў на яе. Тады Марына прапанавала сваім маме і тату забраць Насцечку да сябе. А пазней высветлілася, што ў дзяўчынкі ёсць яшчэ 7-гадовы брат і 6-гадовая сястра. Так сям’я Граблеўскіх адразу павялічылася на тры чалавекі. А ўсяго, пачынаючы з 2007 года, Граблеўскія выхавалі 23-х прыёмных дзяцей. Цяпер у сям’і жы­вуць Насця, Дзіма і тры браты: Дзіма, Лёша і Косця. Тры гады таму ўзялі з радзільнага аддзялення Марыйку, якой было ўсяго 15 дзён ад нараджэння.

У кожнай прыёмнай сям’і дзеці сацыялізуюцца, вучацца распараджацца грашыма, рабіць пакупкі. За вячэрай усе разам абмяркоўваюць тую ці іншую па­дзею, шукаюць выйсце са складанай сітуацыі, разгляда­юць варыянты рашэння якой-небудзь жыццёвай задачы. Кожны мае свае абавязкі і адпаведную адказнасць. Тут вучацца як слухаць, так і чуць іншага, каб у будучым па прыкладзе прыёмнай стварыць сваю моцную сям’ю.

P.S. Арганізатары мерапрыемства бязмежна ўдзячныя за кампазіцыі кветак раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», за падарункі дзецям — гаспадарам магазінаў «У Маруси», «Ладушки», «Детский», «4 сезона», «Росинка», «Прыгажуня», салона прыгажосці «Шарм».

Разнастаілі сустрэчу выступленні салістак Сабіны Зубко, Арыны Дубоўскай, Веранікі Шорац, удзельніц узорнай цыркавой студыі «Каскад» Лізы Хмяльніцкай і Сафіі Смірновай, танцавальнага калектыву «Карамелькі».

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.