Никита Дащинский решил пойти по следам деда и связать свою жизнь с сельским хозяйством

Важное Общество

Па прыкладзе дзеда

Нягледзячы на тое, што Мікіта Дашчынскі нарадзіўся ў Паставах, закончыў СШ №2, вясковы ўклад жыцця ведае добра. У Шырках жывуць яго бабуля і дзядуля — Наталля і Мікалай Гілі. І хлопец любіць у іх бы­ваць. Раней на падворку трымалі вялікую гаспадарку, якая патрабавала пільнага догляду. Цяпер колькасць жыўнасці крыху зменшылі, але спраў усё роўна хапае. Мікіту дапамагаць старэйшым не складана.

У дзяцінстве мне найбольш хацелася праехаць з дзедам на трактары, — расказваў Мікіта. — Забіраўся да яго ў кабіну, масціўся на калені, рукамі ўчэпліваўся ў руль — і дух захоплівала ад радасці. А калі дзед дазваляў пакруціць руль, падаць яму патрэбны ключ, а то і самому адкруціць гайку — шчасце пералівалася праз край. Усе канікулы я праводзіў у Шырках, гатовы быў цэлымі днямі знаходзіцца ў полі разам з дзедам. І яшчэ тады вырашыў, што пайду па яго слядах. Таму пасля школы паступіў у Пастаўскі дзяржаўны каледж.

Сёлета Мікіта заканчвае вучобу. Цяпер праходзіць апошнюю вытворчую практыку ў ААТ «Сцяг Перамогі-агра». Першая мінулай восенню была таксама ў гэтай гаспадарцы. Тады на МТЗ-3022 з прычэпам вазіў з поля да сянажнай траншэі здробненую зялёную масу кукурузы. Вясной, калі прыйшоў на сельгаспрадпрыемства, яму паказалі разабраны «Беларус» і прапанавалі скласці. З пастаўленай задачай хлопец справіўся за тры тыдні.

Перабраў сваімі рукамі ўсе дэталі, — расказваў. — Памяняў счапленне, валы і многае іншае. З запчасткамі праблем не было, патрэбна было толькі цярпенне і веданне ўстройства трактара. Тое, чаму навучыўся ў дзеда і замацаваў падчас вучобы ў каледжы, вельмі спатрэбілася. Дзякуй за тэарэтычныя веды выкладчыку каледжа Дзмітрыю Алікавічу Мажэйку, які цікава вядзе прадмет «Устройства трактароў».

У гэтыя дні Мікіта на трактары з культыватарам рыхтуе глебу пад сяўбу кукурузы. Жыве ў бабулі з дзядулем у Шырках. Вечарамі разам абмяркоўваюць працоўны дзень, раяцца па многіх пытаннях. Адносінамі практыканта да выканання ўскладзеных на яго абавязкаў задаволена кіраўніцтва гаспадаркі. Галоўны аграном Марына Гваздзеўская гаварыла: «Мікіта — вельмі адказны хлопец. Разбіраецца ў тэхніцы. Будзем радыя, калі пасля заканчэння вучобы прыйдзе на пастаянную работу на наша сельгаспрадпрыемства».

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.