Сёння кожны, хто праходзіць міма новага касцёла Езуса Міласэрнага ў Паставах, міжволі запавольвае крок: вабіць вока не толькі прыгожы будынак храма, але і незлічонае мора кветак, у якім літаральна патанае ўся прыкасцельная тэрыторыя.
Кветкавы марафон на тэрыторыі святыні пачаўся ранняй вясной. Ідэйны натхняльнік справы — ксёндз-пробашч Павел Самсонаў, які пастаянна заахвочвае да таго, каб ля касцёла было прыгожа. Калі зямля толькі пачала абуджацца ад зімовага сну, прыкасцельную тэрыторыю аздобілі рознакаляровыя браткі. Больш за дзве сотні гэтых далікатных раслінак — падарунак парафіі ад чалавека з шырокай душой і залатымі рукамі — 90-гадовай Веронікі Варашкевіч з вёскі Юнькі. Уявіце, у такім паважаным узросце жанчына пасадзіла, вырасціла і падарыла людзям гэту веснавую радасць! Менавіта з яе лёгкай рукі каля храма была створана сапраўдная казка.
З прыходам лета тэрыторыя зайграла новымі фарбамі. Спачатку вока парафіян радавалі простыя і такія родныя сэрцу кожнага беларуса васількі. Бліжэй к сярэдзіне летняй пары ім на змену прыйшлі пышныя, сонечныя аксаміткі, якія яркім карагодам абрамілі акуратныя дарожкі. Залаціста-аранжавыя агеньчыкі гэтых кветак нібы вітаюць кожнага, хто прыходзіць сюды па суцяшэнне, надзею ці проста пабыць у цішыні ад вірлівага кругазвароту спраў.
Па ўскраінах газонаў раскашуюць рознакаляровыя мультыфлоры. Гэтыя шарападобныя хрызантэмы — сапраўдныя каралевы восені. Ад белых, сонечна-жоўтых, бэзавых, бардовых бухматых шапак проста не адвесці вачэй! Яны выглядаюць так гарманічна, нібы над іх формай працаваў таленавіты скульптар. Аднак сапраўдны скульптар тут — сама прырода, памножаная на карпатлівую чалавечую працу. А тым часам мала хто з мінакоў ведае, што ўся гэтая велічная прыгажосць пачынаецца з маленькіх, кволых парасткаў, якія патрабуюць пастаяннай увагі і клопату пачынаючы з ранняй вясны. Каб у верасні і кастрычніку шыкоўныя «шары» заварожвалі сваімі раскошнымі шапкамі, трэба нямала папрацаваць. Жыхарка вёскі Юнькі Ганна Данілевіч зрабіла парафіі па-сапраўднаму каралеўскі падарунак — прывезла вясной амаль 500 штук расады мультыфлоры. Гэты шчодры, высакародны жэст стаў тым самым зернем, з якога вырас сучасны кветкавы дыван. Шмат такіх хрызантэм у вазонах ахвяравала храму Алена Сівіцкая. Гэтыя жанчыны падзяліліся не проста раслінамі — яны падарылі часцінку сваёй душы, спадзеючыся, што прыгажосць узвысіць дух людзей.
Але высадзіць кветкі — гэта толькі пачатак вялікай справы. Гледзячы на квітнеючую раскошу, разумееш: за кожным кветкавым бутонам, за кожнай роўнай лініяй дарожкі стаіць велізарная, часта незаўважная воку праца дзясяткаў рук, якія нястомна клапоцяцца пра хараство ля храма. Пасадзіць, паліць, прапалоць, своечасова падкарміць… Гэтым займаецца створаная пры парафіі група жанчын «Мілыя памочніцы» на чале з Сальвінай Давідзюк. У яе складзе 27 чалавек, якія, не шкадуючы асабістага часу і сіл, амаль штодня прыходзілі сюды то разам, то паасобку наводзілі навокал парадак. Мужчыны пад кіраўніцтвам Валянціна Піліпёнка дапамагалі ўскопваць градкі пад кветкі, рэгулярна абкошвалі газоны, садзілі туі, выконвалі розную цяжкую фізічную работу. Праца кожнага з іх абсалютна бескарысная, напоўненая шчырай любоўю да Бога і сваёй парафіі.
Анна Анішкевіч



