ОАО «Новоселки-Лучай» использует современный самоходный опрыскиватель «Гримм Макси 4000»

Важное Сельское хозяйство

Ад «Грым Максі» – максімум карысці

На полі з сакавітымі азімымі маю ўвагу прыцягнуў высокі ярка-зялёны агрэгат, які не бачыла ні ў адной гаспадарцы раёна. Як ля такога не спыніцца? «Грым Максі 4 000», — чытаю на машыне. У яе кабіне на вышыні каля 4-х метраў сядзіць механізатар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Алег Чумакоў.

— Займаюся хімпраполкай азімых зерневых, — тлумачыць, спусціўшыся з кабіны. — Шмат гадоў рабіў гэта «Калумбіяй». Летась гаспадарка набыла найсучаснейшы самаходны апырсквальнік. Ён паўнапрывадны, мае аптымальны міжвосевы баланс, таму высокаманеўраны. Шырыня каляіны рэгулюецца з кабіны: для зерневых — 2,5 метра, для кукурузы — 2,8. Нягледзячы на ўнушальныя габарыты, у апырсквальніка малы радыус развароту. Падыміцеся ў кабіну і ацаніце камфорт! — прапануе мне.

Пнеўматычнае сядзенне зручнае. Ёсць рэмень бяспекі. Кіраванне ўсімі электрагідраўлічнымі функцыямі ажыццяўляецца з дапамогай шматфункцыянальнага джойсціка. Маецца камера задняга віду з асобным дысплэем, бартавы камп’ютар. На яго экране — уся інфармацыя адносна апырсквання, ціску ў сістэмах і інш. У кабіне — радыё, сістэма ацяплення і кандыцыянавання з вугальнымі фільтрамі. У герметычнай кабіне механізатар абаронены ад уздзеяння хімікатаў.

Алег Чумакоў расказвае пра новы апырсквальнік

Яны змяшчаюцца ў 30-літровым міксеры пад 4-тоннай бочкай. Падаюцца ў яе па спецыяльных шлангах. На бочцы ўстаноўлены паплаўковы ўзроўнямер, які падкажа, калі патрэбна дазапраўка. На адну загрузку расходуецца 4 тоны вады. Яе хапае на 20 гектараў. Ваду падвозяць у ёмістасцях па 6 і 8 тон. Кіраўніцтва гаспадаркі плануе набыць 20-тоннік.

Ратаваць пасевы ад пустазелля і шкоднікаў для Алега Чумакова — прывычная справа. Работу выконвае якасна. Таму менавіта яму даверылі новы агрэгат. Асвоіў яго хутка і з захапленнем расказваў пра перавагі і асаблівасці.

— Складаней працаваць на полі, дзе ёсць слупы лініі электраперадачы, — гаварыў Алег Чумакоў. — Каб аб’ехаць іх, прыходзіцца складаць штангу, бо яна мае даўжыню 24 метры. З-за гэтага марнуецца час. Павольней працуецца і на малаконтурных участках. Большую частку азімых «прахімічыў» восенню. Пасля іх на чарзе — хімпраполка рапсу. А там і кукуруза ўзыдзе.

У мінулыя гады змагацца з пустазеллем і шкоднікамі раслін Алегу Чумакову дапамагалі Славамір Пястун, Ігар Масінкевіч. Эфектыўнасць гербіцыдаў зале­жыць ад надвор’я. Калі дождж або вялікая раса, работы не праводзяцца. У спёку пасевы лепш апрацоўваць ноччу, калі тэмпература паветра паніжаецца.

— Летась кукурузу «палоў» у асноўным ноччу, — працягваў механізатар. — На новым апырсквальніку ўстаноўлены спецыяльныя фары, якія нават у цёмны час сутак дазваляюць выконваць работу якасна. Тэхніка дарагая, але прадукцыйная. Карысці ад яе — максімум.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.