Ганарова і заслужана!
Напярэдадні свята 1 Мая ў Віцебску абнавілі абласную Дошку гонару. На яе занесены калектывы, якія па выніках спаборніцтва ў мінулым годзе дасягнулі найвышэйшых паказчыкаў. У іх ліку і ААТ «Хацілы-агра».
Цырымонія ўручэння пасведчанняў аб занясенні на Дошку гонару прайшла на плошчы Перамогі. Дырэктар ААТ «Хацілы-агра» Вячаслаў Крыштафовіч атрымаў яго з рук старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Субоціна. На ўрачыстасці прысутнічалі таксама старшыні: райвыканкама — Сяргей Чэпік, раённага Савета дэпутатаў — Пётр Курто, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу — Васілій Катовіч.

ААТ «Хацілы-агра» — адно з найбуйнейшых у раёне і вобласці вытворцаў малака, мяса, збожжа. У гаспадарцы 7,5 тысячы гектараў сельгасугоддзяў. Сярэдняя ўраджайнасць збожжа ў мінулым годзе склала 45,6 цэнтнера з гектара. План продажу збожжа дзяржаве выкананы на 110%. На фермах утрымліваецца амаль 6 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, з іх больш за 1 800 — каровы. На малочны завод кожны дзень сельгаспрадпрыемства адпраўляе 43 тоны малака. Усё яно сорту «экстра».
У гаспадарцы пастаянна абнаўляецца машынна-трактарны парк, мадэрнізуюцца вытворчыя памяшканні. Плануецца ўзвядзенне яшчэ аднаго сучаснага малочнатаварнага комплексу.
— На Дошку гонару Віцебскай вобласці занесены Віцебск, Аршанскі і Полацкі раёны, — расказваў Васілій Катовіч. — Сярод сельгасарганізацый — Віцебская бройлерная птушкафабрыка і нашы «Хацілы-агра». Ганарова і заслужана!
Анна Анішкевіч
Фота «Витебских вестей»