Человек-оркестр. Директор Воропаевской ДШИ им. И. Сушко Игорь Гвоздевский играет на 6 музыкальных инструментах

Культура

Чалавек-аркестр. Так можна назваць дырэктара Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў імя І. Сушко Ігара Гваздзеўскага, які грае ажно на шасці музычных інструментах.

Яго раман з музыкай пачаўся ў 10 гадоў. А паспрыяла гэтаму старэйшая стрыечная сястра. Аднойчы, прыехаўшы ў госці да Гваздзеўскіх, яна паказала Ігару пару практыкаванняў на баяне, якія той адразу паўтарыў. Уражаная здольнасцямі брата, дзяўчына параіла цётцы з дзядзькам аддаць сына ў музычную школу.

Наведваў яе будучы музыкант ахвотна, тым больш што настаўнікам быў цудоўны педагог — тагачасны дырэктар школы Валянцін Жагула. Ён прывіў хлопчыку сапраўдную любоў да баяна і ў многім паўплываў на выбар прафесіі. Атрымаўшы атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі, Ігар паступіў у Наваполацкае музычнае вучылішча. А пасля яго заканчэння вярнуўся ў родныя сцены ў якасці выкладчыка і прадоўжыў вучобу на завочным аддзяленні факультэта музычнага мастацтва Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Калі пачаў працоўную дзейнасць, адразу ўзяў на сябе кіраўніцтва дзіцячым ансамблем «Званочкі», у якім сам калісьці граў. Зараз гэты калектыў носіць званне «ўзорны» і з’яўляецца лаўрэатам шматлікіх конкурсаў і фестываляў, у тым ліку Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», выступае з канцэртамі не толькі на Пастаўшчыне, але і ў іншых раёнах вобласці.

Аранжыроўкі ўсіх музычных кампазіцый, якія выконваюць «Званочкі», робіць Ігар Эдуардавіч. Акрамя таго, ён спявае і грае на гармоніку ў народным ансамблі «Заранка» выкладчыкаў Варапаеўскай ДШМ і ўваходзіць у склад інструментальнага ансамбля «Акцэнт» гарпасялковага Дома культуры.

Спецыяльна для гэтага калектыву асвоіў кантрабас. Таксама самастойна навучыўся граць на гітары і блокфлейце, а ў час вучобы ў школе — на фартэпіяна. Таленавіты музыкант не проста валодае шэрагам інструментаў. Ён можа адрамантаваць і настроіць многія з іх, чым перыядычна займаецца разам са сваім былым педагогам, а цяпер калегам Валянцінам Жагулам. Дзякуючы ім, званчэй гучаць «Званочкі», паўнаводнай ракой ліюцца самабытныя мелодыі «Заранкі».

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.