Чемпионат Беларуси по футболу. Вторая лига. ФК «Миоры» – ФСК «Поставы» – 5:1

Спорт и туризм

Падправіць бы прыцэл

ФК «Міёры» – ФСК «Паставы» – 5:1

Другая па ліку сёлета выязная гульня з міёрцамі мела для абедзвюх каманд вялікае значэннне: напярэдадні агульны для іх сапернік — «Гарадскія львы» (Гарадок) — на сваім полі разграміў (13:1) аслаблены кадрава ФК «Лепель». Каля 200 гледачоў у Міёрах сталі сведкамі прыгожай атакуючай гульні з мноствам галявых момантаў. Нашы таксама прыехалі гуляць на перамогу, але да перапынку апынуліся зноў, як і ў кубкавым паядынку, у складанай сітуацыі. Ужо на 7-й хвіліне нападаючы гаспадароў Мікіта Рудой нечакана ўдала прабіў здалёк і адкрыў лік — 1:0. Міёрцы займелі псіхалагічную перавагу, загулялі на куражы.

У саперніка ў першым тайме атрымалася проста фенаменальная рэалізацыя. Ён нанёс чатыры ўдары па нашых варотах, тры з іх сталі выніковымі. Трэці гол Рамана Чубрэвіча на 23-й хвіліне ўвогуле атрымаўся кур’ёзным, бо мяч трапіў у сетку варот рыкашэтам ад нагі абаронцы. Да гонару пастаўчан, яны не змірыліся з жахлівым развіццём падзей, змагаліся да канца. Саперніку ўтрымаць перавагу было няпроста. Аднойчы мяч праляцеў упрыцірку са штангай пасля стрэлу цэнтрфорварда пастаўчан Германа Чаляя. Пару разоў згуляў бліскуча і наш варатар Андрэй Чашун.

Госці яшчэ больш ажывіліся пасля перапынку, калі на замену выйшаў Рыгор Кабяк. Ён двойчы біў з убойных пазіцый, але за міёрцаў заступіўся каркас іх варот. Гаспадары пачалі парушаць правілы, атрымалі 4 папярэджанні і выдаленне з поля на 63-й хвіліне свайго капітана. Аднак перад гэтым нашы прапусцілі вострую контр- атаку саперніка, якую завяршыў рэзервіст з Глыбокага Віталь Стоцік — 4:0. Вынік гэтага матча мог быць іншым, бо пастаўчане змаглі стварыць яшчэ чатыры галявыя моманты. На жаль, толькі адзін гол прэстыжу правёў напрыканцы матча 16-гадовы паўабаронца Крысціян Дзеўгуць пасля перадачы Ігара Павініча. Менавіта слабая рэалізацыя стала прычынай паражэння ад моцнага саперніка.

Супраць дзеючага бронзавага прызёра згулялі на выездзе Чашун, Пучынскі (Кабяк), Голубеў, Рогач, Якаўлеў (Звяруга), М. Зелянкевіч, Каралёнак (Цыунель), Павініч, Ясюковіч (Дзеўгуць), Вілейта (к. Давідоўскі), Чалей (Алейнікаў). У 6 туры чарговай перамогі (2:0) дабіўся на выездзе ў Оршы лідар — віцебскі «Газавік». У астатніх сустрэчах былі зафіксаваны такія вынікі: ФК «Полацк-2019» — ФК «Сянно» — 5:2, «Велес-2020» (Віцебск) — «Ніва» (Талачын) — 10:0. У актыве пастаўчан засталося 7 набраных ачкоў, яны займаюць шосты радок у турнірнай табліцы. Два наступныя паядынкі нашы правядуць дома. У нядзелю, 26 чэрвеня, згуляюць з камандай Гарадка, праз тыдзень будзе матч з сенненцамі.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.