День медицинского работника: Заведующая лабораторией Чеслава Будько

Здравоохранение

Лідар сярод розных пакаленняў

У клінічна-дыягнастычнай лабараторыі Пастаўскай паліклінікі працуе крыху больш за 10 чалавек. Часта ўспамінаем свае першыя крокі ў прафесію. Было крыху боязна, бо адна справа — добра ведаць тэарэтычны матэрыял, іншая — прымяняць атрыманыя веды на практыцы. Навічкам асвоіцца дапамагала мудрая калега Часлава Іванаўна Будзько, якая ўзначальвала калектыў. З першага дня яна заваёўвала нашы сэрцы дабрынёй, цярплівасцю, мудрасцю. І мы пранікаліся да яе даверам. Клопат загадчыцы лабараторыі пра маладых можна параўнаць з клопатам маці.

У Пастаўскую цэнтральную раённую бальніцу Часлава Будзько прыйшла ў 1971 го­дзе. Пачынала медыцынскай сястрой тэрапеўтычнага аддзялення. Тут пазнаёмілася з будучым мужам Мікалаем, які ў той час праходзіў лячэнне. Яго падкупілі як прыгажосць маладой медсястры, так і яе бязмежная дабрыня і ўважлі­васць да пацыентаў. Для нас Часлава Іванаўна — прыклад не толькі бездакорнага выканання службовых абавязкаў, але і любячай жонкі, клапатлівай маці, пя­шчотнай бабулі, цудоўнай гаспадыні. Яна заўсёды і ва ўсім паспявала і паспявае. Працавала ўрачом-лабарантам, вучылася ў медінстытуце і выхоўвала сыноў Уладзіслава і Віктара. З 1980-га па 2018 год кіравала калектывам лабараторыі.

У 2000-х пад кіраўніцтвам Чаславы Будзько працавалі 15 лабарантаў, урач-лабарант і 3 санітарачкі. Для кожнага яна была сапраўднай настаўніцай. Сама заўсёды ўсё выконвала адказна і добрасумленна, гэтаму вучыла і нас. Загадчыца пастаянна ішла ў нагу з часам, цікавілася навінкамі медыцыны, прэпаратамі для лабараторных даследаванняў. Дзякуючы Чаславе Іванаўне, у нашай лабараторыі адной з першых з’явіліся сучасныя аналізатары, распрацоўваліся новыя метады даследаванняў. Урачы-лабаранты не лечаць пацыентаў, але ад іх у многім залежыць выздараўленне чалавека. Сёння менавіта лабараторная дыягностыка дае ўрачам больш за 80 працэнтаў усёй інфармацыі, якая неабходна для вызначэння дыягназу і кантролю за лячэннем. Высокі прафесіяналізм, багаты вопыт, нязменнае старанне Чаславы Будзько цаніла і цэніць кіраўніцтва не толькі цэнтральнай раённай бальніцы, але і абласнога ўпраўлення. Яна мае мноства падзяк, ганаровых грамат.

Часлава Іванаўна даўно заслужыла права на адпачынак, але любоў да абранай раз і назаўсёды прафесіі трымае яе ў нашым калектыве. Цяпер яна ўрач-лабарант. І нам так камфортна працаваць з ёй у адной камандзе! Часта абмяркоўваем рабочыя пытанні, можам даверыць і штосьці асабістае, па­чуць ад Чаславы Іванаўны мудрую параду. Сучасная, крэатыўная, вясёлая, чулая, яна — лідар сярод розных пакаленняў.

Нядаўна Часлава Іванаўна адзначыла юбілейны дзень нараджэння. Было шмат віншаванняў ад калег, удзячных пацыентаў. А тут і Дзень медыцынскага работніка наблізіўся. Шчыра віншуем з прафесійным святам нашу настаўніцу, дзякуем ёй за ўсё, чаму яна нас вучыць, за дабрыню, якую выпраменьвае.

Алена Урбель ад імя калектыву і ветэранаў клінічна-дыягнастычнай лабараторыі ЦРБ
Фото Алены Урбель



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.