Фоторепортаж: Музычна-літаратурнае свята «Мая Пастаўшчына – мая музычная гісторыя»

Культура

На хвалі музыкі, аздобленай паэзіяй

Стала ўжо традыцыяй пачынаць праграму Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» з літаратурных імпрэз. Сёлета арганізатары вырашылі таксама не ады­ходзіць ад яе і паставілі першым пятнічным мерапрыемствам музычна-літаратурнае свята «Мая Пастаўшчына — мая музычная гісторыя», падрыхтаванае работнікамі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна.

Усе, хто завітаў у канцэртную залу па вуліцы Чырвонаармейскай, з дапамогай вядучых — бібліятэкара дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі Людмілы Сяменас і вучаніцы СШ №1 Аляксандры Казловай — ажыццявілі свое­асаблівае падарожжа з мінулага ў сучаснае. Падчас яго пазнаёміліся з музычнымі, інструментальнымі і харэаграфічнымі традыцыямі і літаратурнай спадчынай пастаўскага краю. Вандруючы па стагоддзях, пачулі гісторыі з’яўлення на беларускай зямлі гармоніка і цымбалаў, нараджэння Груздаўскага цымбальнага аркестра і заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля «Паазер’е». А дзякуючы вучням і настаўнікам Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза, атрымалі сапраўдную асалоду ад гучання народных інструментаў і прыгожых беларускіх песень. З такім жа інтарэсам слухалі прысутныя пастаўскіх літаратараў Волю Лісіцкую, Марыну Кавалёнак, Марыну Трушыну і Ігара Пракаповіча. Яны прачыталі свае новыя і напісаныя раней вершы.

Больше фото в группах в Одноклассниках и ВКонтакте 

У суботу аматары музыкі сабраліся каля Пастаў­скай ДШМ на канцэрт «Я талент свой прысвячаю Ра­дзіме». У ім прынялі ўдзел вучні школы, якія сталі лаўрэатамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў. У праграме — а адкрыў яе хор малодшых класаў — прагучалі класічныя творы Пятра Чайкоўскага, Сяргея Пракоф’ева, Фрыдэрыка Шапэна і іншых вядомых кампазітараў, славутая «Yesterday» Джона Ленана і Пола Макартні, «Вясковая полька», апрацоўка рускай народнай песні «Па вуліцы маставой», польскі народны танец «Падыспань», вальс «Марскі брыз» і старажытнае танга. Сваё майстэрства юныя таленты дэманстравалі на розных музычных інструментах, сярод якіх не было толькі цымбалаў.

Яны звінелі ў нядзелю на творчай лабараторыі народнага артыста Бела­ру­сі, прафесара, старшыні журы фестывалю Яўгена Гладкова. Пра­слаўлены музыкант, вучань яшчэ аднаго віртуознага цымбаліста — Іосіфа Жыновіча — правёў майстар-клас для выхаванцаў школы Дар’і Гучык і Гардзея Кірплюка. Паслухаўшы падрыхтаваныя імі кампазіцыі, Яўген Пятровіч адзначыў высокі выканальніцкі ўзровень дзяцей. Пры гэтым знайшоў некаторыя недахопы ў тэхніцы ігры на інструменце і паказаў, як зрабіць яго гучанне яшчэ прыгажэйшым. А потым сам сеў за цымбалы і прадэманстраваў сваё бліскучае майстэрства.

Больше фото в группах в Одноклассниках и ВКонтакте

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.