Летняя оздоровительная кампания стартовала в Поставском районе

Образование

Не паспелі ў школах празвінець апошнія званкі, як у Беларусі распачалася летняя аздараўленчая кампанія. Стартавала яна 29 мая ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» ў рамках рэспубліканскай акцыі «Мары нараджаюцца, мары здзяйсняюцца». 1 чэрвеня да яе далучыўся Пастаўскі раён.

Старт летняму аздараўленню на Пастаўшчыне далі ў СШ №1, у актавай зале якой сабраліся дзеці з прышкольных лагераў, педагогі і госці. У іх ліку быў і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Павел Трава. Узяўшы слова, ён выказаў упэўненасць у тым, што навучэнцы з карысцю правядуць час у лагерах, убачаць шмат новага і цікавага, многаму навучацца. Пажадаў школьнікам сонечнага, цёплага і, галоўнае, бяспечнага лета — быць асцярожнымі на дарозе, з агнём і на вадзе, а таксама набрацца сіл і энергіі да новага навучальнага года.

Яркага, запамінальнага летняга адпачынку зычыла хлопчыкам і дзяўчынкам і першы сакратар райкама БРСМ Кацярына Малевіч. Яна паабяцала зрабіць усё магчымае, каб падрыхтаваныя з удзелам раённай арганізацыі маладзёжнага саюза мерапрыемствы былі цікавымі.

Да пажаданняў папярэдніх выступоўцаў далучыўся начальнік групы прызыву на ваенную службу райваенкамата Валерый Баравік. Павіншаваўшы школьнікаў з заканчэннем навучальнага года, ён заўважыў: штогадовая арганізацыя летніх лагераў — толькі малая частка клопату нашай краіны пра дзяцей, якія ў сваю чаргу павінны быць сапраўднымі патрыётамі Радзімы.

— У лагерах вас чакаюць спартыўныя спаборніцтвы, экскурсіі, у тым ліку ў воінскія часці, — гаварыў Валерый Іосіфавіч. — Там вы пазнаёміцеся з узбраеннем і ваеннай тэхнікай, бытам ваеннаслужачых тэрміновай службы, і, магчыма, хтосьці з вас захоча ў будучым стаць абаронцам Айчыны.

У зале знаходзіліся прадстаўнікі большасці створаных у школах дзіцячых атрадаў. Падняўшыся на сцэну, яны пажадалі адно аднаму сонечных дзён, цікавых сустрэч, запамінальных прыгод, знайсці верных і надзейных сяброў, прымаючы ўдзел у розных справах і мерапрыемствах, праявіць сябе, прадэманстраваць веды і рэалізаваць магчымасці. Вучні, якія займаюцца ў вакальнай студыі «Славія» Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна, а таксама ў аб’яднаннях па інтарэсах раённага цэнтра дзяцей і моладзі, выступілі перад прысутнымі з невялікім канцэртам.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.