На базе СШ №3 созданы ученические ремонтные бригады и лагеря труда и отдыха

Образование

Рамантуюць сумесна

Як толькі ў школах раёна завяршылі работу летнія аздараўленчыя лагеры, пачалася падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года, якая заключаецца ў правядзенні бягучых рамонтаў. Разам з педагогамі і тэхработнікамі імі займаюцца старшакласнікі з вучнёўскіх рамонтных брыгад і лагера працы і адпачынку, створанага на базе СШ №3 Пастаў.

Лагер пад назвай «Труд — крут!» аб’яднаў 30 дзесяцікласнікаў з першай, другой і трэцяй гарадскіх школ. У кожнай з іх дзейнічае свой атрад. З работай навучэнцаў СШ №2 імя Н. М. Асяненкі ў панядзелак пазнаёмілася карэспандэнт «ПК».

Ужо ў двары школы па паху фарбы можна было здагадацца: тут ідзе рамонт. Пачаўся ён 22 чэрвеня: менавіта тады прыступілі да работы члены атрада пад кіраўніцтвам настаўніцы інфарматыкі Рыты Макруш і рамонтнай брыгады, якой кіруе настаўніца матэматыкі Галіна Галадовіч.

— Набраць дзяцей у атрад для мяне як для класнага кіраўніка 10 класа было проста, — расказвала Рыта Міхалаўна пры сустрэчы. — Аб’явіла пра гэта вучням, напісала ў бацькоўскі чат — і адразу знайшліся ахвотныя папрацаваць на карысць школы і зарабіць грошай — 6 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі. Яшчэ 8 чалавек запісаліся ў рамонтную брыгаду. Іх праца таксама будзе аплачана. Такімі сіламі работа ідзе шпарка!

Усяго за тры дні, з серады па пятніцу, з дапамогай тэхработнікаў і настаўніка працоўнага навучання Фёдара Дзевятоўскага навучэнцы паспелі навесці парадак у большасці класаў і кабінетаў на 3-м паверсе. Вынеслі з іх мэблю, разабралі старыя і непатрэбныя шафы, у двух кабінетах знялі шпалеры і зашпаклявалі сцены, пафарбавалі падлогу. Калі пафарбуюць яе ў калідорах, спусцяцца на ніжэйшыя паверхі, а затым у майстэрні зоймуцца рамонтам мэблі і яе фарбаваннем. Бу­дуць таксама добраўпарадкоўваць тэрыторыю — дапамагаць класці тратуарную плітку каля школы. Кантраляваць і падганяць юных памочнікаў не трэба. Яны стараюцца зрабіць усё хутка і якасна, з першага слова слухаюцца педагогаў.

У адрозненне ад членаў рамонтнай брыгады, якія сёння заканчваюць работу, атрадаўцы будуць працаваць па 15 ліпеня. У школе для іх арганізавана трохразовае харчаванне: тут яны снедаюць, абедаюць і атрымліваюць падвячорак. Да слова, кормяць дзяцей смачна, пра што сведчаць пустыя талеркі ў сталовай пасля абеду. У другой палове дня для членаў атрада ладзяцца розныя спартыўныя і выхаваўчыя мерапрыемствы: гульні ў футбол і валейбол, гутаркі на розныя тэмы. У планах — правядзенне турніраў па шашках і шахматах, інтэлектуальныя гульні, круглыя сталы і іншае. Адным словам, у лагеры школьнікі не толькі працуюць, але і цікава бавяць час. Ніхто з тых, з кім давялося размаўляць, не шкадуе, што запісаўся ў атрад.



Каментарый у тэму

Павел Трава, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама:

— У правядзенні касметычных рамонтаў і добраўпарадкаванні тэрыторыі агульнаадукацыйных устаноў у час канікул будуць задзейнічаны 115 навучэнцаў. Акрамя лагера працы і адпачынку, ва ўсіх сярэдніх школах раёна створаны вучнёўскія рамонтныя брыгады. На аплату працы школьнікаў, а таксама на набыццё неабходных матэрыялаў для работы са сродкаў абласнога бюджэту Дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь выдзелена 35 тысяч рублёў. Па магчымасці аказваецца дапамога тым установам адукацыі, дзе неабходна выканаць больш складаныя і фінансава затратныя работы. Так, за сродкі раённага бюджэта ў дзіцячым садку №2 Пастаў у маі перакрылі сарваны моцным ветрам дах, за СШ №3 — устанавілі агароджу. Выкарыстоўваюць школы для рамонту і ўласныя сродкі, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці.



Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.