1 сентября вступили в силу поправки в Кодекс об образовании Республики Беларусь

Важное Образование

1 верасня набылі моц папраўкі ў Кодэкс аб адукацыі Рэспублікі Беларусь. Яны ўнеслі шмат новага ў жыццё школьнікаў краіны. Абнаўленні датычаць не толькі вучэбнай праграмы, але і такіх нюансаў, як школьная форма, карыстанне мабільнымі тэлефонамі, арганізацыя адпачынку і бяспекі.

1 сентября вступили в силу поправки в Кодекс об образовании Республики Беларусь

Тэлефон пад забаронай

Адна з самых гучных навацый гэтага навучальнага года — забарона на карыстанне мабільнымі тэлефонамі не толькі на ўроках, але і падчас перапынкаў. Цяпер, прыйшоўшы ў школу, вучні павінны пакінуць свае смартфоны, планшэты, ноўтбукі і іншыя сродкі сувязі ў спецыяльных шафах з ячэйкамі, якія замыкаюцца на ключ. Атрымаць гаджэты можна пасля заканчэння вучэбнага дня. Калі ж на працягу яго ўзнікне неабходнасць патэлефанаваць бацькам, трэба звярнуцца да дзяжурнага адміністратара ўстановы адукацыі.

Пры гэтым для дзяцей з цукровым дыябетам і захворваннямі апорна-рухальнага апарату зроблена выключэнне — ім дазволена карыстацца мабільнікамі і планшэтамі падчас урокаў і пазакласных заняткаў.

Дрэс-код

Патрабаванні да формы адзення, якіх павінны прытрымлівацца школьнікі, цяпер замацаваны заканадаўча — выключна дзелавы стыль. У хлопчыкаў гэта штаны, пінжак, кашуля, у дзяўчынак — сукенка, спадніца, штаны, блузка, кашуля. Дзелавая форма абавязковая на ўсіх уроках, акрамя фізкультуры і працоўнага навучання.

Тры замест двух

У жыцці школьнікаў стала больш спорту. Міністэрства адукацыі прыняло рашэнне павялічыць колькасць урокаў фізкультуры з двух да трох на тыдзень. Гэта зроблена для павышэння рухальнай актыўнасці навучэнцаў і стварэння ва ўстановах адукацыі комплекснай сістэмы аховы здароўя. Адпаведна, унесены змяненні ў вучэбную праграму па прадмеце «Фізічная культура і здароўе».

Новыя вучэбныя прадметы

У вучняў 11 класа з’явіўся прадмет «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі». Гэта інтэграваная дысцыпліна, якая аб’ядноўвае два курсы па гісторыі — айчыннай і сусветнай. Па сутнасці, вывучаць яе школьнікі пачалі яшчэ ў 10 класе. А цяпер завяршылася яе ўвядзенне ў праграму для старэйшай школы.

Новыя прадметы і ў дзяцей, якія навучаюцца дома. У праграму для іх уключаны гадзіны для вывучэння выяўленчага мастацтва, асноў бяспекі жыццядзейнасці, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры, а таксама чарчэння.

У музыцы – акцэнт на выхаванне

У вучэбную праграму прадмета «Музыка» з гэтага года дабаўлены песні пра Радзіму, дзяцінства, сяброўства. Асобным пунктам — абавязковае вывучэнне гімна нашай краіны. Школьнікі не толькі навучацца яго выконваць, але і прааналізуюць тэкст, даведаюцца гісторыю стварэння гімна. Такі падыход зробіць музыку не проста творчым прадметам, а часткай выхаваўчай работы з падрастаючым пакаленнем.

Урокі ваджэння і факультатыў па квадракоптарах

Старшакласнікі сельскіх школ у рамках вучэбнага працэсу цяпер могуць навучыцца вадзіць трактары, аўтамабілі і іншую тэхніку і атры­маць вадзіцельскія правы катэгорыі С. Гэта стала часткай прафарыентацыйнай работы з вучнямі і іх практычнай падрыхтоўкі і дасць магчымасць выпускнікам пасля заканчэння школы ўладкавацца на работу ў арганізацыі і на сельгаспрадпрыемствы.

А навучэнцы 8—9 класаў змогуць наведваць факультатыў «Асновы кіравання квадракоптарам». Большая частка заняткаў будзе прысвечана трэніроўкам на сімулятары і практыкаванням па кіраванні беспілотным лятальным апаратам.

Ваенна-палявыя зборы для 10-класнікаў

З гэтага года вучні 10 класаў будуць заканчваць вучобу не 31-га, а 25 мая. А ўжо 26 мая школьнікі адправяцца на 10-дзённыя ваенна-палявыя зборы на базах вайсковых часцей і профільных падраздзяленняў. Іх праграма будзе ўключаць у сябе адпрацоўку практычных навыкаў (зборку і разборку зброі, аказанне першай медыцынскай дапамогі), знаёмства са структурай і функцыянаваннем сучаснай беларускай арміі і прафарыентацыйны блок. Для дзяўчат акцэнт зробяць на медыцынскай падрыхтоўцы на базе медустаноў.

ЦЭ можна пераздаць

Такая норма пачала працаваць з 1 верасня для выпускнікоў, якія правалілі выніковае выпрабаванне. Раней школьнікі, атрымаўшы на цэнтралізаваным экзамене нуль балаў, не маглі быць атэставаныя ў бягучым годзе. Дакумент аб адукацыі ім выдаваўся толькі праз год у выпадку паспяховай пераздачы ЦЭ. Цяпер жа ў няўдачнікаў з’явілася магчымасць пераздаць экзамен у жніўні, а разам з ёй — паспець падаць дакументы ў каледж.

Таксама ўведзена норма для вызвалення 11-класнікаў ад ЦЭ па медыцынскіх паказаннях. Да гэтага яна дзейнічала толькі для 9-класнікаў.

Аўтобус да школы

Нарэшце вырашаны ўсе пытанні, якія датычаць падвозу вучняў. Бясплатна даехаць да ўстановы адукацыі на школьным аўтобусе зараз могуць сельскія дзеці не толькі з тых населеных пунктаў, дзе няма школы, але і жыхары буйных вёсак і аграгарадкоў, калі школа знаходзіцца далёка ад дома. Школьныя аўтобусы будуць вазіць вучняў і на экскурсіі, дастаўляць на спартыўныя і культурныя мерапрыемствы, уключаючы шосты школьны дзень.

Падрыхтавала Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.