Воспитанники кружка «Витязь» показали отличный результат в чемпионате Витебской области по шахматам

Важное Спорт и туризм

Малайцы, пастаўчане!

60 спартсменаў прымалі ўдзел у чэмпіянаце Віцебскай вобласці па шахматах сярод школьнікаў ва ўзроставых катэгорыях да 12, 14, 16 гадоў (2007 года нараджэння і маладзейшыя).

Пастаўскі раён на прэстыжным чэмпіянаце прадстаўлялі выхаванцы гуртка па інтарэсах «Віцязь», які працуе з 2001 года пры раённым цэнтры дзяцей і моладзі, Віталій Дзямідаў і Ева Іванова (абое — з СШ №2 імя Н. М. Асяненкі). Іх нязменным трэнерам з’яўляецца кандыдат у майстры спорту Рэспублікі Беларусь Анатолій Салацінскі.

У хлопчыкаў 26 з 40 заяўленых шахматыстаў прадстаўлялі віцебскія абласныя спартыўныя школы, выхаванцы якіх мэтанакіравана асвойваюць азы старажытнай гульні, маюць вопыт удзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Тром маладым ігракам прысвоена званне кандыдата ў майстры спорту Рэспублікі Беларусь. Тым не менш іх высокія тытулы не сталі перашкодай для паспяховай гульні дзесяцікласніка з Пастаў Віталія Дзямідава. Ён адзін з нямногіх, хто аказаў годнае супраціўленне віцебскім равеснікам. Асабліва паспяховай аказалася партыя 3-га тура, дзе пастаўчаніна экзаменаваў кандыдат у майстры спорту Рэспублікі Беларусь Алег Пятроў з Віцебска. Наш зямляк меў белы колер фігур і на працягу ўсёй партыі дамінаваў, паспяхова праводзіў свае камбінацыі, якія ў канцоўцы прывялі да лагічнага завяршэння — перамогі. Дарэчы, гэта партыя была прызнана адной з найлепшых на турніры.

А вось у гульні супраць лідара паўночнай сталіцы рэспублікі Дзяніса Ката нашаму шахматысту прыйшлося ўвесь час абараняцца, гуляючы чорнымі фігурамі, а на фінішы — прызнаць сваё паражэнне з яўнай перавагай. Забягаючы наперад, адзначу, што Д. Кот стаў чэмпіёнам вобласці і набраў 8 ачкоў з 9 магчымых, не прайграў ніводнай партыі і двойчы згуляў унічыю з Мікітам Букам (Глыбокае) і Артурам Петрасянам (Орша). У выніковай табліцы ў актыве В. Дзямідава 5 ачкоў, а гэта другі вынік сярод юнакоў да 16 гадоў (2007—2008 гадоў нараджэння) і 7-е агульнае месца. Такі высокі рэзультат дазволіў Віталію ўпершыню выканаць нарматыў I разраду і абараняць гонар вобласці і раёна на чэмпіянаце краіны ў Мінску. Віншуем!

А вось дзяўчынкі, нягледзячы на розны ўзрост, гулялі ўсе разам у адным турніры, а ўжо па яго выніках вызначылі наймацнейшую ў кожнай узроставай групе. У першынстве Віцебскай вобласці прымалі ўдзел 20 прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. Яўным фаварытам спаборніцтваў называлі нашу Еву Іванову, бо перад стартам гульняў яна была 3-разовай чэмпіёнкай вобласці. Як і летась, старт у дзяўчыны быў удалым: лёгкая перамога над самай юнай удзельніцай — Сафіяй Васільчанкай з Віцебска — і перамога на класе ў напружанай партыі 2-га тура супраць Ула­дзіславы Талапілы з Глыбокага. А вось 3-і тур прынёс расчараванне — у роўнай партыі Ева прайграла Сафіі Апёнак (Віцебск). Такім чынам, 3 ачкі з 4 магчымых пасля перамогі над Вікторыяй Волкавай з Оршы і аднаасобнае лідарства. Нічыі з даволі моцнымі шахматысткамі — Мартай Кажамякінай і Ганнай Сапрыкавай (абедзве — з Віцебска). Крыўдна за нічыю супраць Г. Сапрыкавай, бо Ева мела перавагу ў ладдзю, але саперніца адшукала «вечны шах». Зноў перамогі і на фінішы нічыя супраць Надзеі Краўчанкі з Оршы. Але ачковага багажу — 6,5 з 9 магчымых — хапіла, каб чацвёрты раз запар стаць чэмпіёнкай Віцебскай вобласці. Брава, Ева Іванова!

З 23 па 31 сакавіка ў Палацы шахмат і шашак у Мінску пройдзе чэмпіянат краіны па шахматах сярод юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 12 да 16 гадоў, у якім прымуць удзел нашы землякі Е. Іванова і В. Дзямідаў. Падтрымаем Еву і Віталія і пажадаем ім пераможнай гульні!

Ад імя Анатолія Салацінскага адрасую словы падзякі найвопытнейшаму ветэрану шахмат Авеніру Чырванцу за дапамогу ў арганізацыі паездкі і суправаджэнні дзяцей на першынство вобласці ў Віцебск.

Юрый Катовіч
Фота Наталлі Налей і даслала Таццяна Іванова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.