С дипломами вернулся с областного конкурса «Лялечны свет» народный театр «Вытворяшки» Поставского РДК

Важное Культура

З дыпломамі лаўрэата І ступені ў намінацыі «Лялечнае прадстаўленне» і за найлепшую рэжысёрскую работу вярнуўся з VII абласнога конкурсу лялечных тэатраў і батлеечных калектываў «Лялечны свет» народны тэатр «Вытварашкі» Пастаўскага раённага Дома культуры.

Конкурс, які праводзіцца раз на два гады, сёлета прымала Сянно, а яго пляцоўкай стаў мясцовы цэнтр культуры і народнай творчасці. 3 лістапада там сабраліся самадзейныя артысты васьмі аматарскіх лялечных тэатраў вобласці, каб прадэманстраваць журы і юным жыхарам Сенненшчыны сваё майстэрства. За званне найлепшых змагаліся 12 дзіцячых і дарослых калектываў, якія працуюць на базе гарадскіх і сельскіх устаноў культуры, з Шаркаўшчынскага, Аршанскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Шумілінскага, Пастаўскага, Дубровенскага і Сенненскага раёнаў. Пастаўчане ўдзельнічалі ў творчым спаборніцтве з лялечным прадстаўленнем «Няўлоўны Фунцік» па матывах папулярнага мультфільма пра парася Фунціка.

— У красавіку мінулага года мы паставілі спектакль пад такой назвай, — расказвала мастацкі кіраўнік «Вытварашак», рэжысёр РДК Алена Сля­дзеўская. — Прэм’ера адбылася на сцэне раённага Дома культуры і, як заўсёды, прайшла на ўра. Для конкурсу пастаноўку — а яе працягласць каля гадзіны — прыйшлося скара­ціць удвая і крыху змя­ніць. Тым не менш яна вельмі спадабалася маленькім сенненцам, якія падчас прадстаўлення актыўна ўдзельнічалі ў гульнявым працэсе. «Фішкай» нашага спектакля сталі роставыя лялькі, а яшчэ ў ім мы ўпершыню ўвялі ў дарослы акцёрскі склад падлетка — адну з роляў выканаў навучэнец СШ №4 імя В. Ф. Франтова Цімур Сіланаў.

У спектаклі задзейнічана і мама Цімура — Вераніка Сіланава, якая працуе ў Пастаўскім раёне газазабеспячэння, а таксама ­Адзіл Валіеў з лясгаса, На­дзея Пракоф’ева з каледжа, сама Алена Сля­дзеўская і загадчыца дзіцячага аддзела РДК Таццяна Кухальская. Усяго ж у творчым багажы «Вытварашак», якія існуюць з 1998 года, каля 10 спектакляў і больш за сотню гульнявых, тэатралізаваных прадстаўленняў і тэматычных праграм. Яны пастаянна ўдзельнічаюць у конкурсе «Лялечны свет» і заўсёды займаюць прызавыя месцы.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.