Пасля двухгадовага каранавіруснага перапынку аднавіліся пешыя пілігрымкі ў будслаўскі санктуарый

Важное Духовность

2 ліпеня — урачыстасць Маці Божай Будслаўскай.

Мы да будслаўскай крочым святыні…

Радасна было пачуць такія словы з песні з вуснаў пілігрымаў, якія пасля двухгадовага каранавіруснага перапынку сёлета зноў ішлі з розных куткоў Беларусі ў Нацыянальны санктуарый. Сёння там фэст.

Адправіліся ў Будслаў і пілігрымы з нашага раёна. Першымі рушылі да Марыі 17 парафіян з Варапаева на чале з ксяндзом-пробашчам Эдуардам Сінкевічам. З некалькімі прываламі 28 ліпеня яны пераадолелі 35 кіламетраў да Пастаў, дзе спыніліся на начлег у гасцінных сем’ях гара­джан. На наступны дзень пасля святой Імшы да іх далучыліся 40 пастаўчан з ксяндзом Віталіем Вінцкевічам і яшчэ 18 чалавек з Гродна і Ляхавіч, якія прыехалі да нас разам з ксяндзамі Генадзіем Лаўніковічам, Уладзіславам Чуйко і Аляксандрам Фядотавым. 29 ліпеня шлях пілігрымаў пралёг да Мядзела, а 30-га іх прымалі жыхары Старых Габаў. 1 ліпеня сустрэла Маці Божая Будслаўская, да алтара якой яны ў сваіх сэрцах прынеслі просьбы і падзякі.

Ксяндзы-«сэрцане», а таксама сёстры законныя Марыяна з Варапаева, Канстанцыя з Пастаў і Дарота з Гродна апекаваліся над пілігрымамі. Разам крочылі праз палі і лясы, праводзілі канферэнцыі, спецыяльныя набажэнствы, прапаноўвалі паразважаць на духоўныя тэмы, падбадзёрвалі ўдзельнікаў і праслаўлялі Бога, Маці Божую і Яе Сына — Езуса Хрыста.

Будслаўскі фэст унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Маршрут быў разлічаны на кожны дзень, вызначаны прыпынкі, начлегі. Пілігрымы забяспечваліся смачнымі сняданкамі, абедамі, вячэрамі. Тым не менш у дарозе было нялёгка. Але, нягледзячы на спёку і дождж, мазалі і сонечныя апёкі, усе імкнуліся да старадаўняга абраза, вядомага сваімі шматлікімі цудамі. Кожны меў у сэрцы свае інтэнцыі, а сэнс пілігрымкі адзін — умацаванне веры.

Анна Анішкевіч
Фота Людмілы Зелянкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.