Елена Апанасевич назначена начальником производственной лаборатории Поставского филиала Витебского облпотребобщества

Важное Общество

І на новай пасадзе не разгубілася

Алена Апанасевіч пра кар’ерны рост ніколі не задумвалася. Працавала кантралёрам харчовай прадукцыі на камбінаце кааператыўнай прамысловасці, спраўлялася са сваімі абавязкамі, і гэта яе задавальняла. Але дачасна абарвалася жыццё начальніка вытворчай лабараторыі Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства Святланы Чалей, і Алене давялося заступіць на яе месца.

— Нагрузка на начальніка лабараторыі намнога большая, чым на кантралёра, — расказвала яна. — Не разгубілася толькі таму, што Святлана ў свой час усяму мяне навучыла. Зараз гэта вельмі дапамагае.

Акрамя начальніка, у лабараторыі тры кантралёры: Таццяна Алдашкіна, Вікторыя Бараноўская і Наталля Ігнатовіч. Работа адказная і пачынаецца яна з уваходнага кантролю. У лабараторыі правяраюць усю сыравіну на адпаведнасць нарматывам і толькі пасля гэтага дазваляюць яе выкарыстоўваць. Затым ажыццяўляюць кантроль на кожнай стадыі вытворчасці і нарэшце — паўфабрыкатаў і гатовай прадукцыі. Даводзіцца афармляць шмат дакументацыі.

— Нават не верыцца, што налета будзе ўжо 20 гадоў, як я закончыла Маладзечанскі політэхнічны каледж і прыйшла працаваць на камбінат кааператыўнай прамысловасці, — працягвала Алена. — Пачынала лабарантам, потым была кантралёрам 4-га разраду, затым атрымала 5-ы. А зараз не толькі лабараторыяй кірую, але і абавязкі інжынера-радыёлага выконваю. Клопатаў хапае.

У пачатку ліпеня кааператары адзначалі прафесійнае свята. Алену Апанасевіч запрасілі на ўрачыстасць у абласны цэнтр, дзе ўручылі Падзяку Віцебскага аблспажыўтаварыства.

— Безумоўна, прыемна, — прызналася. — Лічу, што гэта ацэнка працы ўсяго невялікага калектыву лабараторыі. — Але для мяне найбольшая радасць не ва ўзнагародах, а ў дзецях. Сын Іван вучыцца ў Белдзяржуніверсітэце, выдатна здаў летнюю сесію. Ён — будучы айцішнік. Стараецца ў вучобе і Аляксей. У наступным годзе ён заканчвае гімназію і таксама будзе паступаць ва ўніверсітэт. Абодва, як і бацька, захапляюцца музыкай, іграюць, любяць спяваць. Такім чынам, у нашай хаце заўсёды весела.

Ну хіба гэта не шчасце, калі жанчыне раніцай хочацца ісці на работу, а вечарам — вяртацца дадому?

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.