На базе Новоселковского сельского Совета состоялось выездное заседание президиума райсовета депутатов

Общество

У Навасёлках усё – узорнае

У мінулую пятніцу на базе Навасёлкаўскага сельскага Савета адбылося выязное пасяджэнне прэзідыума райсавета дэпутатаў. На ім разгледжана пытанне «Аб узаемадзеянні органаў мясцовага кіравання і самакіравання, тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, суб’ектаў гаспадарання ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва і добраўпарадкавання населеных пунктаў сельсавета».

Тлумачыць, чаму выбраны гэты адрас, напэўна, не варта. Менавіта ААТ «Навасёлкі-Лучай» з’яўляецца ў раёне ўзорам гаспадаркі, дзе клапоцяцца не толькі пра нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці, але і пра сацыяльную сферу, умовы працы і быту людзей. Зразумела, што пры падтрымцы сельгаспрадпрыемства лягчэй вырашаць надзённыя пытанні і выканкаму сельскага Савета, дэпутатам, старэйшынам вёсак.

Што ж уяўляе сабой Навасёлкаўскі сельсавет? На яго тэрыторыі размешчана 47 населеных пунктаў (12 з іх — нежылыя). Пражывае 1 317 чалавек, з іх 746 — працаздольныя, 405 — пенсіянеры, 166 — дзеці. Да паслуг насельніцтва агульна­адукацыйная і музычная школы, дзіцячы сад, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, 3 ФАПы, Цэнтр культуры, сельскі клуб і сельская бібліятэка, комплексны прыёмны пункт, аддзяленне паштовай сувязі, 8 магазінаў рознай формы ўласнасці, кафэ, гасцініца, участак УП ЖКГ.

Адзін з галоўных клопатаў для вяскоўцаў — прысядзібныя ўчасткі. 326 іх агульнай плошчай 174 гектары ўключаны ў севазварот ААТ «Навасёлкі-Лучай». Таварыства прадае грамадзянам насенне зерневых культур і бульбы, арганіку, аказвае паслугу па апрацоўцы прысядзібных участкаў. Тым падвор’ям, на якіх утрымліваецца буйная рагатая жывёла, гаспадарка выдзяляе сенакосы. Пры ўмове здачы маладняку сельгаспрадпрыемству гаспадары бясплатна атрымліваюць па паўтоны сена на кожную галаву БРЖ. Жыхарам, якія яе трымаюць, гаспадарка выдзяляе за плату гатовае сена. Маладыя сем’і могуць купіць у сельгаспрадпрыемства ў крэдыт на 12 месяцаў цялушку, заплаціўшы першапачатковы ўзнос у размеры 10% яе кошту. У іх таксама добрая перспектыва атрымаць жыллё. Гэтыя і іншыя палажэнні замацаваны ў калектыўным дагаворы таварыства.

31% насельніцтва сельсавета складаюць грамадзяне, старэйшыя за працаздольны ўзрост. Сельвыканкам удзяляе вялікую ўвагу сацыяльнай падтрымцы пажылых грамадзян і інвалідаў. 6 сацработнікаў абслугоўваюць 34-х чалавек у 10 вёсках. 4 чалавекі пражываюць у аддзяленнях кругласутачнага знаходжання ТЦСАН. Пра пажылых грама­дзян, ветэранаў працы ніколі не забывае і ААТ «Навасёлкі-Лучай». Гаспадарка ўручае ім падарункі да юбілеяў і свят.

Пра ўсё гэта і многае іншае расказала ўдзельнікам пасяджэння прэзідыума райсавета старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета Святлана Мелец. Але найперш члены прэзідыума і старшыні сельскіх Саветаў азнаёміліся з умовамі, у якіх жывуць і працуюць навасёлкаўцы, што робіцца па добраўпарадкаванні.

Першы прыпынак — ля рабатызаванай фермы ў Коўзанах. Яе загадчыца Таццяна Жахоўская расказала, што тут утрымліваюцца 663 галавы дойнага статка. Зараз штодзень з фермы на малаказавод паступае 18 тон малака. Усё яно прымаецца сортам «экстра». Поспех гарантуюць высокая тэхналогія і такая ж адказнасць кадраў.

А хіба маглі не ўразіць шматкватэрныя дамы ў Коўзанах? У іх створаны ўсе ўмовы для камфортнага жыцця працаўнікоў сельгаспрадпрыемства. Таму і не дзіўна, што кадры гаспадаркі папоўнілі многія прыезджыя людзі. Каб было дзе бавіць вольны час малым, абсталёўваюцца дзіцячыя пляцоўкі. Прывабліваюць яны ў Коўзанах і Навасёлках.

Для таго каб расказаць, што зроблена ў Навасёлках па добраўпарадкаванні, не хопіць і газетнай паласы. Удзельнікі выязнога пасяджэння перахо­дзілі ад дамоў да школы, Цэнтра культуры, сквера, кафэ, адміністрацыйнага будынка ААТ і не пераставалі дзівіцца чысцінёй і прыгажосцю наўкол. Немагчыма было не залюбавацца раскошнымі клумбамі, агароджамі з металапрофілю і бетону або свежапафарбаванай драўлянай, незвычайнай формы сцэнай у скверы, акуратна скошанымі газонамі і ўзбочынамі дарогі, дзіцячымі пляцоўкамі, маляўніча аформленым аўтобусным прыпынкам і іншым. За ўсім гэтым — вялікая праца і фінансавыя выдаткі.

Падводзячы вынікі ўбачанага і пачутага, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто адзначыў, што навасёлкаўскія адкрытае  акцыянернае таварыства і сельвыканкам з’яўляюцца прыкладам для пераймання. Зразумела, што не ва ўсіх гаспадарках і сельскіх Саветах аднолькавыя магчымасці. А вось задача агульная — ствараць годныя ўмовы для жыццядзейнасці людзей. У гэтым трэба аб’ядноўваць намаганні як мясцовым жыхарам, так і раённым службам. Таму на пасяджэнні было дадзена слова прадстаўнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, землеўпарадкавальнай службы, райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Агучылі пытанні, якія іх хвалююць, старэйшыны вёсак і дэпутаты сельскага Савета. Адным словам, размова атрымалася змястоўнай і зацікаўленай. У рашэнні, прынятым прэзідыумам, вызначаны задачы, над якімі трэба працаваць сельскім Саветам.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.