Ученики СШ №4 имели честь праздновать День Независимости Республики Беларусь на Кургане Славы

Общество

Дзень, які не забудзецца

Вучні СШ №4  мелі гонар святкаваць Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на Кургане Славы, дзе ў той дзень прысутнічаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.

Запрашэнне на ўрачыстасць для пастаўчан было сюрпрызам — нечаканым, але абсалютна заслужаным. А магчымым яно стала дзякуючы ўдзелу школьнікаў у рэспубліканскім праекце «Захаваем гісторыю». Яшчэ вясной яго запусціла грамадскае аб’яднанне «Патрыёты Беларусі».

Сэнс праекта — размясціць каля пахаванняў Вялікай Айчыннай вайны інфармацыйныя стэнды з QR-кодамі, дзякуючы якім кожны зможа даведацца гісторыю гэтых мясцін. На этапе збору інфармацыі арганізатары папрасілі школьнікаў і студэнтаў з усёй Беларусі напісаць пісьмы ад імені салдат, а таксама распавесці пра 9 месцаў пахавання ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ў кожным раёне нашай краіны.

На Пастаўшчыне гэту ініцыятыву падтрымалі вучні СШ №4 разам з кіраўніком пошукавага атрада «Нашчадкі Перамогі» і праекта «Ствараем гісторыю разам» Наталіяй Федаровіч. Разам з ёй школьнікі правялі вялікую даследчую работу: вывучылі гісторыю брацкіх магіл і помнікаў, перачыталі зборнік успамінаў «За скупой строкой на обелиске», пазнаёміліся з матэрыяламі кнігі «Памяць».  На аснове гэтых крыніц і былі напісаныя шчымлівыя пісьмы. Яны настолькі ўразілі арганізатараў праекта, што тыя вырашылі запрасіць пастаўчан на галоўнае свята краіны.



3 ліпеня – дата, якая назаўжды ўпісана ў каляндар галоўных дзяржаўных свят. У гэты дзень мы традыцыйна звяртаемся да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: узгадваем герояў, якія цаной свайго жыцця падарылі нам свабоду, расказваем пра подзвігі дзядоў і бацькоў дзецям і ўнукам, прыходзім з імі да месцаў баявой славы і сумнай памяці. Гэты штогадовы рытуал – сама менш, што мы можам зрабіць у імя славы тых, дзякуючы каму жывём, ствараем сем’і, гадуем дзяцей. 

Аляксандр Лукашэнка



На Курган Славы адправіліся аўтары пісьмаў — Насця Се­дзюкевіч, Аліна Гінявец, Захар Канаш і Вераніка Зубкевіч (усе перайшлі сёлета ў 9 клас). З імі паехалі і дырэктар установы Вячаслаў Пякарскі, яго намеснік Алена Сцяпанава, Наталія Федаровіч, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Сяргей Машкоў.

— Калі дзеці даведаліся, што 3 ліпеня паедуць на Курган Славы, то не  хавалі сваіх шчаслівых эмоцый, — расказвала Алена Сцяпанава. — Але было і невялікае хваляванне: усё ж такі гэта такая адказнасць — прадстаўляць Пастаўшчыну на вельмі маштабным мерапрыемстве з удзелам кіраўніка краіны. Таму мы актыўна рыхтаваліся да паездкі: вывучалі гісторыю стварэння Кургана Славы, працавалі над прэзентацыяй патрыятычных праектаў нашай СШ №4 (яе пасля паказалі на пляцоўцы грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі»). У выніку дзень аказаўся незабыўным. Вучні нашай школы на свяце стаялі зусім побач з Прэзідэнтам, што іх вельмі ўзрушыла. Мы, дарослыя, знаходзіліся насупраць. Асабіста ў мяне быў мароз па скуры: душу перапаўняў гонар за нашых дзяцей. Дзякуючы сваёй стараннасці, любові да вучобы, мэтанакіраванасці яны, прыехаўшы з маленькага горада, змаглі судакрануцца з гісторыяй сучаснай Беларусі. Для іх, сапраўдных патрыётаў, гэтыя эмоцыі — на ўсё жыццё.

Уражанняў хапіла ўсім удзель­нікам мерапрыемства. Для іх у той дзень каля мемарыяльнага комплексу разгарнулася маштабная святочная пляцоўка. Вялікая экспазіцыя ўзбраення і тэхнікі, у тым ліку ваенных гадоў, песні і танцы, спартыўныя мерапрыемствы, выставы-продажы рамеснікаў, пачастункі, — усяму гэтаму было месца на галоўным свяце краіны.

Шмат уражанняў пакінуў і сам Курган Славы. Тысячы людзей прывозілі сюды з розных гарадоў-герояў і месцаў баёў па жменьцы зямлі, з якой і вырас 35-метровы курган. Да яго вяршыні, якую увенчвае велічная скульптурная кампазіцыя, вядзе 241 прыступка. Пераадолелі іх у той дзень і пастаўчане. Гэта быў своесаблівы шлях памяці і гонару. Шлях, які будзе працягвацца ў кожнай справе, прысвечанай той Вялікай Перамозе.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.