400 рублей на подготовку детей к школе получила поставчанка Татьяна Кустра от сотрудников РОВД

Важное Общество

Падзяліліся кампенсацыямі

400 рублёў на падрыхтоўку дзяцей да школы атрымала пастаўчанка Таццяна Кустра ад супрацоўнікаў РАУС — старшага ўчастковага інспектара міліцыі Паўла Нагановіча і дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы Вадзіма Асяненкі.

Гэтыя грошы — частка кампенсацыі маральнай шкоды, прычыненай міліцыянерам асуджанымі асобамі. Суд прызнаў праваахоўнікаў пацярпелымі па крымінальных справах.

— 11 красавіка на лінію «102» паступіў званок ад жыхаркі вёскі Сарокі, якая паведаміла, што брат пагражае ёй забойствам, — расказваў Павел Нагановіч. — Я выехаў туды ў складзе аператыўнай групы. Калі прыбылі на месца, мужчына, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, спаў. Пачалі яго будзіць, каб даставіць для разбору ў райаддзел. Той спачатку адмаўляўся ўставаць, а потым ускочыў і двойчы ўдарыў мяне кулаком па галаве. Добра, што я быў у бронекамізэльцы і касцы, якая засцерагла ад магчымай траўмы.

Павел Нагановіч і Вадзім Асяненка аддаюць канверт з грашыма Таццяне Кустры

У той жа дзень у дзяжурную службу даставілі пастаўчаніна, які знаходзіўся на адной з вуліц горада ў нецвярозым стане. Пры доглядзе затрыманы аказаў актыўнае супраціўленне міліцыянеру-дзяжурнаму Вадзіму Асяненку: пачаў хапаць яго за форменнае абмундзіраванне, спрабуючы паваліць на падлогу, адарваў пагоны на куртцы. Прыйшлося прымяніць сілу і надзець на грамадзяніна наручнікі.

У дачыненні да абодвух жыхароў раёна былі ўзбуджаны крымінальныя справы. Адбыўся суд, які прыгаварыў аднаго з іх да 2 гадоў, а другога да 1,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, а таксама пастанавіў кампенсаваць супрацоўнікам міліцыі маральны ўрон. Атрымаўшы грашовыя выплаты, апошнія вырашылі падзяліцца імі з якой-небудзь шматдзетнай сям’ёй і выбралі прыёмную Таццяны Кустры. На мінулым тыдні разам з міліцыянерамі да яе ў госці завітала карэспандэнт «ПК».

Таццяна Пятроўна — прыёмная маці 5 дзяўчынак. Дзве з іх ужо дарослыя: адна мае ўласную сям’ю, другая вучыцца ў Магілёўскім інстытуце МУС, сёлета закончыла 1 курс. Цяпер на выхаванні знаходзяцца 13-гадовая Дамініка, 14-гадовая Віка і 15-гадовая Маша. Сабраць у школу трох дзяўчынак няпроста. Таму падарунак міліцыянераў аказаўся вельмі дарэчы.

— На што патраціць грошы, мы ўжо вырашылі, — адзначыла Таццяна Кустра. — Зараз паедзем у Fix Price купляць канцтавары. Вялікі дзякуй за аказаную матэрыяльную дапамогу!

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.