Чемпионат Беларуси по футболу. Вторая лига. «Велес-2020» (Витебск)–ФСК «Поставы» – 6:0

Спорт и туризм

Хто спыніць фаварыта?

«Велес-2020» (Віцебск)–ФСК «Паставы» – 6:0

Перад паездкай на гэту гульню настрой у нашай каманды палепшыўся, бо камітэт АБФФ прысудзіў ёй тэхнічную перамогу з лікам 3:0, перагледзеўшы нічыйны вынік (3:3) скандальнага матча 8-га тура з ФК «Сянно», у складзе якога гулялі чатыры падстаўныя ігракі.

З самага пачатку матча сапернік трывала завалодаў мячом, прымусіўшы нашых адысці ў абарону, і правёў два хуткія галы. Ужо да перапынку лік на табло быў разгромным — 3:0.

У другім тайме «Велес» крыху збавіў абароты, але характар барацьбы не змяніўся. Пастаўчане стараліся з усіх сіл. У чатырох эпізодах бліскуча згуляў наш варатар Андрэй Чашун. Акрамя таго, пастаўчанам удалося арганізаваць тры галявыя камбінацыі. Але матч прадказальна завяршыўся перамогай саперніка: віцебская каманда фактычна прафесійная, гуляе на ўзроўні 1-й лігі. Увогуле ў віцебскім дывізіёне ў гэтым сезоне яшчэ ніхто ні разу не абыграў «Велес».

Супраць галоўнага прэтэндэнта на залатыя медалі згулялі Чашун, М. Зелянкевіч (Звяруга), Рогач, Дубін, Касенка, Каралёнак (Пучынскі), Кабяк (Якаўлеў), Павініч, Ясюковіч, Вілейта (к). Чалей (Давідоўскі).

Папярэдні раўнд першынства на Віцебшчыне выйшаў на фінішную прамую. Камандам засталося згуляць па 6-7 матчаў. Становішча турнірнай табліцы наступнае: 1-е месца — «Велес-2020» (33 ачкі), 2-е — «Газавік» (26), 3-е — ФК «Міёры» (23), 4-е — «Гарадскія львы» (22), 5-е — ФК «ДЮСШ-Орша» (14), 6-е — ФСК «Паставы» (14), 7-е — «Полацк-2019» (12), 8-е — ФК «Лепель» (10), 9-е — ФК «Сянно» (5), 10-е — «Ніва» (4).

Ну а гэтым выязным матчам пастаўчане завяршылі гульнявую праграму 12-га тура. Іх наступны сапернік — ФК «ДЮСШ-Орша» — на сваім полі саступіў (0:2) міёрцам. Дзеючы чэмпіён — віцебскі «Газавік» — вырваў перамогу з такім жа лікам у талачынцаў. ФК «Лепель» перамог ФК «Сянно» з лікам 4:0, а «Гарадскія львы» (Гарадок) выйгралі (3:1) у каманды «Полацк-2019».

Пастаўчан чакаюць яшчэ 6 гульняў у чэмпіянаце краіны, наступная адбудзецца 7 жніўня дома з аршанцамі. Падчас трохтыднёвай жнівеньскай паўзы адбудзецца розыгрыш Кубка Віцебскай вобласці, у якім пастаўчане згуляюць упершыню. Наш першы сапернік у кубкавым турніры стане вядомы пасля жараб’ёўкі.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.