Что ждет детей и педагогов в новом учебном году? Беседа с начальником отдела по образованию райисполкома Павлом Травой

Образование

У школу – з навацыямі

На працягу некалькіх тыдняў школьная тэма не сыходзіць з павесткі ўсіх дзяржаўных СМІ. Не абмінаем яе ўвагай і мы, журналісты раёнкі. Як падрыхтаваліся аб’екты гандлю да 1 Верасня? Дзе танней за ўсё можна набыць неабходныя для школы тавары? Работа школьных кірмашоў. Пра гэта ў апошні час пісалі мае калегі. Сёння ж карэспандэнт «ПК» вырашыла запрасіць да размовы начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Паўла ТРАВУ, якога папрасіла расказаць, што чакае дзяцей і педагогаў у новым навучальным годзе.

— Павел Юр’евіч, колькі навучэнцаў сядуць у Дзень ведаў за парты і як змянілася іх колькасць у параўнанні з мінулым навучальным годам?

— Усяго ў школы прыйдуць 3 614 дзяцей, у тым ліку 361 першакласнік. Радуе, што навучэнцаў стала больш на 48 чалавек. Сёлета ўпершыню набор у 1 клас правяла Пастаўская гімназія. У сувязі з аптымізацыяй устаноў адукацыі ў горадзе мы пераразмеркавалі мікрараёны, замацаваныя за школамі, і ў гімназіі цяпер ёсць свой мікрараён. З яго перш за ўсё і набіраўся 1 клас. У выніку набрана 29 першакласнікаў. Іх будзе весці вопытны педагог з вялікім стажам работы Алена Уладзіміраўна Чыбук, якая перайшла з СШ №2 імя Н. М. Асяненкі.

— А колькі ўсяго педагогаў будуць ажыццяўляць вучэбны працэс у раёне? Ці існуе праблема недахопу кадраў?

— Агульная колькасць педагагічных работнікаў на Пастаўшчыне — 669 чалавек, у школах і гімназіі будуць працаваць 425. Сярод іх 6 маладых спецыялістаў, якія толькі закончылі вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы і 1 верасня пачнуць работу ў горадзе і раёне. Школы кадрамі ўкамплектаваны. Ёсць спецыяльнасці, па якіх бачым магчымыя праблемы ў будучым. Па іх мы выдалі гэтым летам мэтавыя накіраванні для паступлення ў ВНУ 5 выпускнікам школ. А ўсяго на педагагічныя спецыяльнасці сёлета паступіў 21 адзінаццацікласнік са 167.

— Лета — час рамонту ў школах. Усе яны гатовы прыняць навучэнцаў?

— З 9 па 12 жніўня ў раёне адбылася прыёмка ўстаноў адукацыі. У кожнай з іх пабывала спецыяльная камісія, створаная ў адпаведнасці з рашэннем райвыканкама. Падпісаны 25 сертыфікатаў і 3 пашпарты гатоўнасці. Сертыфікаты атрымалі школы і дзіцячыя сады, пашпарты — раённы цэнтр дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічны цэнтр і цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Бягучыя рамонты праведзены амаль ва ўсіх установах адукацыі. Мы падлічылі, што з мінулага верасня на ўмацаванне матэрыяльнай базы і рамонтныя работы затрачана больш за 700 тысяч рублёў. Гэта і бюджэтныя сродкі, сродкі спонсараў, папячыцельскіх саветаў, грошы, заробленыя самімі ўстановамі. Самыя вялікія па аб’ёме ўкладанняў рамонты выкананы ў гімназіі, СШ №№ 1, 2, 3 і дзіцячым садку №2. За кошт асабістай ініцыятывы дырэктара Алены Іванаўны Ластоўскай істотна ўмацавала матэрыяльную базу Навасёлкаўская СШ імя А. А. Валодзькі. Вялікую дапамогу ёй аказала мясцовая гаспадарка.

— Што канкрэтна зроблена ў гэтых установах?

— У гімназіі капітальна адрамантавана адно крыло на другім паверсе. Пафарбаваны сцены, заменены падлога, столь, вокны, цалкам зроблены санвузлы. У трэцяй школе таксама праведзены рамонт санвузла і ўстаноўлена новая агароджа на тэрыторыі. Два санвузлы і сталовая адрамантаваны ў СШ №2. У будынку пачатковай школы СШ №1 рамантуецца дах, работы будуць завершаны ў верасні. Перакрыты дах і ў дзіцячым садзе №2. Што да Навасёлкаўскай СШ, то там заменены вокны, адрамантаваны класы, абноўлена мэбля, устаноўлена новая агароджа з боку дарогі. Істотна добраўпарадкавана тэрыторыя, у прыватнасці, рэканструявана спартыўная пляцоўка і закладзены новы яблыневы сад.

— У пачатку размовы вы закранулі тэму аптымізацыі ўстаноў адукацыі. На Пастаўшчыне яна праводзілася на працягу некалькіх гадоў. Сёлета таксама адбылася?

— Не, у адрозненне ад папярэдніх гадоў колькасць навучальных устаноў у раёне засталася нязменнай — 28, як і было летась. Гэта 13 школ, 12 дзіцячых садоў і 3 цэнтры. Тут варта адзначыць, што для падвозу навучэнцаў на заняткі за кошт сродкаў абласнога бюджэту набыты і перададзены нам два новыя аўтобусы «МАЗ». Адзін з іх адправіцца ў СШ №2, другі — у камайскую школу. Усяго ж на Пастаўшчыне будуць падвозіцца 550 навучэнцаў, у асноўным школьнымі аўтобусамі, іх у нас 18, а таксама рэйсавымі аўтатранспартнага прадпрыемства.

— У апошні час у сістэме адукацыі Беларусі адбылося шмат змяненняў. Наколькі няпростым для педагогаў і навучэнцаў абяцае быць гэты навучальны год?

— Сапраўды, новаўвядзенняў шмат. З 1 верасня набываюць моц асноўныя палажэнні новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, у якім адлюстраваны два прынцыпы, закладзеныя ў аснову дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы, — інклюзія і абавязковасць агульнай сярэдняй адукацыі. Адобраны дзяржаўны школьны стандарт. Зацверджаны Правілы педагагічных работнікаў. Уве­дзены элементы адзення, якія аб’ядноўваюць навучэнцаў адной навучальнай установы, і сімволіка. Абноўлены нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці: цяпер станоўчымі з’яўляюцца адзнакі ад 3 да 10 балаў, адмоўнымі — 1 і 2 балы. Змянілася праграма па шэрагу прадметаў, у прыватнасці, у 10-х і 11-х класах павялічылася колькасць гадзін на тыдзень на вывучэнне рускай і беларускай моў і зменшылася — на вывучэнне замежнай мовы. Вяртаецца дапрофільная падрыхтоўка з 8 класа. Мяняецца фармат 6-га вучэбнага дня: цяпер суботы будуць тэматычнымі. Мы рыхтуемся ў наступным годзе да цэнтралізаваных экзаменаў для 11-класнікаў.

Гэта галоўныя змяненні, якія нас чакаюць. І мы ведаем, як укараніць іх у жыццё, як вырашаць праблемы, калі яны ўзнікнуць, — педагогі ў нас вопытныя. Заўважу, што работнікі сістэмы адукацыі пастаянна сутыкаюцца з навацыямі. Таму не думаю, што гэты навучальны год будзе больш складаны, чым папярэдні.

— Што пажадаеце навучэнцам і педагогам напярэдадні 1 Верасня?

— Канешне ж, поспехаў у працэсе засваення новага матэрыялу і высокіх адзнак, няхай цікавым і пазнавальным будзе кожны ўрок. Здароўя, дабрабыту, творчага натхнення і новых дасягненняў!

Гутарыла Алена Шапавалава Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.