Многодетная мама Инна Мисник воспитывает семерых детей, но находит время на творчество

Важное Общество

Спляла не толькі кошыкі…

Наш горад невялікі. Тут людзі ў асноўным ведаюць адно аднаго, і нават узнікаюць нейкія асацыяцыі, калі чуеш імя канкрэтнага чалавека. Адзін з такіх прыкладаў — Іна Міснік. Вядома ж, першая асацыяцыя звязана з тым, што яна шматдзетная маці. Але мала хто ведае, што, выхоўваючы семярых дзяцей, яна знаходзіць час на творчасць.

Сям’я для Іны — найвышэйшая каштоўнасць і… поўная супрацьлегласць той, у якой яна вырасла. Калі ўвогуле тую сям’ю можна было назваць сям’ёй. Дзяцей (Іну і яе малодшага браціка) не забралі ў прытулак толькі дзякуючы бабулі, якая ўзяла на сябе ўсе клопаты па выхаванні малых, бо бацькі гэтым не займаліся: для іх у прыярытэце было спіртное…

— Мы з братам усім абавязаныя сваёй бабулі Алімпіядзе, — расказвала Іна. — Толькі дзякуючы ёй мы вывучыліся, сталі людзьмі. Валера жыве ў Слоніме, ён вайсковец, мае званне падпалкоўніка. У яго ёсць жонка і трое дзяцей. А мой лёс шчасліва склаўся ў Паставах.

Знаёмства Іны з будучым мужам Іванам можна аднесці да разраду «нешта неверагоднае». У свае 18 яна пачала працоўную дзейнасць у краме, дзе на пяты дзень пайшоў «слушок»: прыйдзе сімпатычны хлопец выбіраць сабе жонку. Дзяўчаты ўсім калектывам пасмяяліся з гэтага. Ды дарма: сапраўды прыйшоў!

— Калі ўбачыла яго, адразу ўцякла, — смеючыся, успамінала Іна. — А ён мяне і выбраў. Стаў сур’ёзна заляцацца, праводзіць дадому, клапаціцца. І пра бацькоў маіх ведаў, але ні разу нічога не сказаў. Толькі пазней прызнаўся, што вельмі хацеў зрабіць мяне шчаслівай. Магу з упэўненасцю сказаць, што гэта яму ўдалося.

Сёння Іна не толькі паспяховая шмат­дзетная маці, гаспадыня, у якой у прамым сэнсе слова ўсё раскладзена па палічках. Яна паспявае ствараць неверагодна прыгожыя рэчы для дома. Не адразу і здагадаешся, што зробленыя яны са звычайнай паперы. Аснову пляцення з газетных трубачак ёй паказала суседка: як правільна скручваць паперу, фарбаваць марылкай, плесці. Па словах Іны, рукі нібы самі шукалі сабе занятак: нават едучы ў аўтобусе, машынальна скручвала талончыкі за праезд.

Умелымі рукамі жанчыны зроблены ўжо сотні работ. Частка з іх служыць вялікай і дружнай сям’і Міснік: кошычкі для прыпраў, расчосак, алоўніцы, хлебніца, шкатулкі… Большасць раздорана родным і сябрам. Але трэба адзначыць і той факт, што нямала сваіх работ Іна ахвяравала для дабрачынных акцый. У гэтым месяцы папяроваму хобі таленавітай мамы спаўняецца 6 гадоў.

— Калі ты паспяваеш усё гэта плесці? — цікаўлюся.

— Уначы, калі ж яшчэ, — смяецца мая суразмоўца. — Днём не магу фізічна, ды і «малышня» ўсё расцягне. Мне падабаецца не толькі сам творчы працэс, але і вынік, так хочацца хутчэй яго ўбачыць! Таму магу заседзецца дапазна. Муж у такім выпадку гоніць мяне спаць, як малую.

Са светам творчасці маленькую Іну пазнаёміла бабуля: навучыла ўнучку вязаць. Лічу, што гэта адзін з найлепшых навыкаў, якія могуць перадаць бабулі. І дзяўчынка вязала. Вось толькі ў мяне камяк да горла падкаціўся, калі яна ўспомніла пра звязаную сабе кофтачку… І няхай у ёй яшчэ няўмела быў зроблены каўнер, Іна яе любіла і доўга насіла.

Расказвала, што зараз яе мама прыхо­дзіць да іх, прыносіць малым пачастункі, з радасцю бавіць з імі час. Бачна было, што Іна шчыра гэтаму рада. Ніводнага крыўднага слова пра сваіх бацькоў я ад яе не пачула. Дзіўны яна чалавек… Светлы… Спляла не толькі кошыкі…

У гэты момант прачнуліся малодшанькія і «выкаціліся», як сонейкі, са спальні. Разумеючы, што свой час маме трэба прысвяціць дзецям, я паспяшалася да выхаду.

На памяць Іна падарыла мне сплеценую калыску для лялькi… Падарунак я занесла сваёй маленькай дачушцы. Аддаўшы, абняла яе яшчэ мацней… Словы тут лішнія…

Крысціна Рубель
Фота Іны Міснік



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.