Почти 400 семей обратилось за выплатой единовременного пособия на подготовку детей к школе

Общество

Своечасовая дапамога

З 1 жніўня пачалася выплата аднаразовай дапамогі на падрыхтоўку дзяцей да школы. У нашым раёне па яе звярнулася амаль 400 сем’яў.

Анастасія і Артур Чапскасы вы­хоўваюць чацвярых дзяцей. Пэўны час жылі ў Сакунах. Потым як мнагадзетная сям’я пабудавалі кватэру ў мікрараёне 6 гарадка ў райцэнтры. Старэйшая дачушка, Віка, сёлета пойдзе ў 10 клас СШ №3, меншая за яе на год Віялета — навучэнка гімназіі, Віталій — чацвёртакласнік, а малодшы, Ула­дзік, парог школы пераступіць упершыню. Збіраць у школу з нуля Чапскасы будуць толькі першакласніка. У дзяўчынак з мінулага года засталося штосьці з адзення і абутку, са школьных прылад. Вядома ж, многае трэба і купіць.

— У ліпені сабрала ўсе неабходныя дакументы і аднесла ў ТЦСАН, напісала заяву на дапамогу, і пасля 1 жніўня грошы паступілі на картку, — расказвала Анастасія. — Выдаткаванай сумы на канцылярскія прылады хопіць. Немалую дапамогу перад пачаткам навучальнага года па калектыўным дагаворы аказвае кіраўніцтва малочнага завода, дзе працуе Артур. Зразумела, клапоцімся і самі: на працягу лета пакрыху адкладваем грошы.

— На школьную форму, ручкі, алоўкі, сшыткі, рукзакі, розныя дапаможнікі з сямейнага бюджэту трацяцца немалыя сумы, асабліва калі ў сям’і некалькі школьнікаў, — гаварыла загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Таццяна Лемянкова. — Згодна з Дзяржаўнай праграмай «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2021—2025  гады, прадугледжана сацыяльная падтрымка мнагадзетным сем’ям у выглядзе матэрыяльнай дапамогі. Сёлета яна складае 30% бюджэту пражытачнага мінімуму — 98 рублёў 55 капеек на кожнага школьніка.

Па словах Таццяны Лемянковай, права на такую дапамогу маюць мнагадзетныя сем’і толькі на непаўналетніх дзяцей, якія вучацца ў школе. Калі, напрыклад, бацькі выхоўваюць чацвярых, двое з якіх — школьнікі, а двое — дашкаляты, то дапамога будзе выплачана на дваіх дзяцей.

Аднаразовую або штомесячную падтрымку ў рамках адраснай сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным сем’ям (у тым ліку мнагадзетным), сем’ям, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, аказвае і дзяржава. Сумы вызначае раённая камісія па назначэнні сацыяльнай адраснай дапамогі. Кожны выпадак разглядаецца індывідуальна з улікам даходаў і жыццёвай сітуацыі сям’і.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.