Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Турлы

Общество

Назву падказалі журавы?

Прыехаўшы ў вёску Турлы Курапольскага сельсавета, цікаў­люся ў жыхароў гісторыяй яе ўзнікнення і чую ў адказ, што яна не такая даўняя і вельмі простая. Некалі тут стаялі ўсяго 2 ці 3 хаты. Іншыя жыхары сяліліся на хутарах: хто ля лесу, хто, як тут кажуць, пад гарой. З сярэдзіны 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў краіне пачалося прымусовае высяленне людзей з хутароў у вёскі. Сяляне пакідалі абжытыя мясціны і перавозілі свае хаціны або будавалі новыя на новым месцы.

Адна са старэйшых жыхарак Турлаў, Ала Альбінаўна Дашчынская, узгадвала: «Я нарадзілася ў 1941 годзе на хутары ля лесу. А ў 1 клас пайшла ўжо ў Турлах. Школа была пачатковай, размяшчалася на водшыбе вёскі і называлася чамусьці Валодзькаўскай (Валодзькі — суседняя вёска). Пасля, калі школу пераўтварылі ў васьмігодку, яна зноў жа атрымала неадпаведную вёсцы назву — Целякоўская. Неяк дзіўна ўсё гэта».

Наконт назвы вёскі пастаўскі краязнаўца Ігар Пракаповіч пісаў, што яна пайшла ад прозвішча Турла, якое ўтварылася, верагодна, ад старажытнага імя Тур. А жыхарка вёскі Алена Дзясятнік расказвала мне, што нібыта міма тых першых хацін у мясцовасці, якая не мела ніякай назвы, праходзіў незнаёмы чалавек і запытаў у пастуха, як называецца гэта паселішча. У небе якраз праляталі і курлыкалі журавы. Пастух, гледзячы на птушак, гучна паўтарыў за імі: «Курлы, курлы…» Вандроўніку пачулася: «Турлы». Так вёска і стала Турламі.

Па словах той жа Алы Дашчынскай, у гады найбольшага росквіту вёскі тут налічвалася 40 падвор’яў. Людзі працавалі ў калгасе, які называўся «Шлях да камунізму». Год ад году Турлы, як і іншыя вёскі, пусцелі. Сёння тут 21 падвор’е, 44 пастаянныя жыхары, з іх 17 — працаздольнага ўзросту (жывёлаводы, вадзіцелі, механізатары, педагогі і інш.), падрастаюць дзеці. Некалькі дамоў выкупілі дачнікі. Забяспечаная старасць пенсіянераў. Найстарэйшай жанчыне — Вандзе Крэміс — 98 гадоў, найстарэйшаму мужчыну — Браніславу Урбелю — 86.

Папрацуеш – і заробіш

Алену Юдзіну мы са старэйшынай вёскі сустрэлі, калі яна на веласіпедзе вярталася з фермы дадому. У жывёлагадоўлі жанчына працуе ўжо 27 гадоў. Даглядае цялят на дарошчванні. У групе звычайна 108-110 галоў. Сярэднясутачныя прывагі складаюць 800 грамаў за суткі. Гэта добры паказчык.

— У цялятніку — дзве групы на дарошчванні. Другую даглядае Тамара Цяляк. Праца наша нялёгкая, але і зарабляем добра, — расказвала жанчына. — Мой муж таксама працуе ў жывёлагадоўлі. Летам пасвіць кароў, у стойлавы перыяд раздае кармы, вартуе ферму. Наша гаспадарка «Хацілы-агра» моцная. Думаю, ніхто не паскардзіцца на заробкі.

А вось тое, што на ферму ў Целякі ехаць стала ў тры разы далей, засмучае. Справа ў тым, што сёлета веснавым разводдзем знесла кладку праз Мядзелку, якая злучала Турлы з Целякамі. З кім я ў вёсцы ні размаўляла, амаль усе бедавалі, што стала далёка, а значыць нязручна дабірацца не толькі да фермы, але і да целякоўскага магазіна, ФАПа, аддзялення паштовай сувязі. Людзі спадзяюцца, што сельскі Савет і кіраўніцтва ААТ «Хацілы-агра» змогуць выра­шыць гэту праблему.

А я вяртаюся да працоўных будняў вяскоўцаў і хачу пазнаёміць вас яшчэ з адным работнікам фермы — Веранікай Валодзькай. Хацела сфатаграфаваць яе з дзецьмі ля прыгожага, дагледжанага дома. Але тая замахала рукамі: «Не-не, я ўжо, напэўна, і так трапіла ў кадр, калі неслася з фермы на матацыкле». Ды і гаварыць пра сябе не люблю. Працуем з мужам на сельгаспрадпрыемстве, гадуем траіх дзяцей. Старэйшы сын, Валера, ужо дарослы. Вучыцца ў Віцебску на абліцоўшчыка-плітачніка. Зараз ён на канікулах, пайшоў памочнікам камбайнера. А меншыя — школьнікі, дапамагаюць мне па доме».

Застаецца толькі дадаць, што Вераніка — у ліку перадавых даярак не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне.

Ні пылінкі ні парушынкі

— Такой акуратысткі, як Наталля Семянас, трэба яшчэ пашукаць, — характарызавала мне жанчыну старэйшына вёскі. — У яе дома ні пылінкі ні парушынкі! Чысціня і парадак выключныя!

А сама Наталля захвалявалася, калі я папрасіла яе папазіраваць для фотаздымка ля сцяны квітнеючых вяргіняў: «У мяне ж усё звычайнае. Я такая, як і ўсе».

Высветлілася, што з Наталляй Васільеўнай мы ўжо былі знаёмыя. Некалі я пісала ў газету пра «Беларускую хатку», створаную ёй і яе вучнямі падчас работы ў школе, пазней сустракаліся ў Хацілаўскім дзіцячым садку, дзе працуе выхавальнікам зараз. І сама Наталля прыносіла ў рэдакцыю свае заметкі, нават вершы пісала.

Са сваім будучым мужам, Ула­дзіславам, яна пазнаёмілася, калі яшчэ была вучаніцай старэйшых класаў. Потым іх шляхі разышліся: яна вучылася ў педінстытуце, ён служыў у арміі. І ўсё ж лёс не развёў іх, а злучыў у сям’ю. У 2001 годзе атрымалі добры дом ад сельгаспрадпрыемства і добраўпарадкоўваюць яго як уласны. Ужо дарослая іх дачка Каця працуе медсястрой у Мінску. А сама Наталля пры кожнай магчымасці едзе да сваіх бацькоў у Паставы, каб ім дапамагчы. Дома займаецца нарыхтоўкамі на зіму. Адзначае, што агародніна багата ўрадзіла.

Трымае вера

Пераважная большасць турлаўчан — вернікі каталіцкай канфесіі. З іх ліку — Алена Дзясятнік. Далучыла да веры і чацвярых сваіх дзяцей. Таму бацькі з пакорай прынялі рашэнне дачкі Анастасіі прысвяціць жыццё Богу. Доўгім быў яе шлях да вечнага абяцання, якое прыняла сёлета. Да гэтага ішла на працягу 16 гадоў, знахо­дзячыся ў Польшчы, з якіх апошнія 9 была сястрой законнай.

Алена Антонаўна кожную ня­дзелю едзе ў Паставы ў касцёл (добра, што ходзіць аўтобус). Да пандэміі каранавіруса вяскоўцы збіраліся маліцца разам. У Бога просяць здароўя, ласкі да дзяцей і ўнукаў. Старэйшая дачка і малодшы сын Дзясятнікаў жывуць у райцэнтры, сярэдні працуе механізатарам у Хацілах. Да бацькоў наведваюцца часта, дапамагаюць, чым могуць. А найбольш бабулю з дзядулем радуюць шасцёра ўнукаў.

Агнём палымнее цяпліца

Не палохайцеся: гэта не пра пажар, а пра небывалы ўра­джай памідораў. Шчыра прызнаюся: дзе ні была, а такое ўбачыла ўпершыню. На высокіх, моцных сцяблінах амаль без лісця вінаграднымі гронкамі, толькі ў дзясяткі, а можа, і ў сотні разоў большых памераў, звісалі спелыя памідоры. Заўважыўшы маё захапленне, гаспадыня расказала: «Тут каля 20 сартоў: «казанова», «кёнігсберг», «матроша», «любаша», «мядовае сэрца», «сяржант Пепер» і іншыя. Насенне купляю, а таксама збіраю сваё і вырошчваю расаду. У парніку добра ўгноеная зямля, старанна даглядаю раслінкі».

Гэта маё першае, але далёка не апошняе яркае ўражанне падчас паездкі ў вёску Турлы, выбраную чарговым адрасам рэдакцыйнага праекта «Вёсачка». Натуральна, што пачалася яна са знаёмства са старэйшынай — настаўніцай Нінай Валодзькай. І менавіта яе цяпліца так мяне ўразіла. Але Ніна Іванаўна паспяшалася перавесці размову. Найперш паказала кветнік сваёй 86-гадовай свекрыві, якая жыве ў суседнім доме. У ім — буйства цвіцення і ніводнай травінкі! На жаль, сама гаспадыня знаходзілася ў бальніцы: полючы кветнік, страціла прытомнасць.

Пакуль ішлі са старэйшынай па вёсцы, распытала яе пра жыццё. У Турлы яна, сенненская дзяўчына, трапіла  41 год назад па размеркаванні пасля заканчэння педвучылішча. Тут сустрэла сваё каханне — мясцовага хлопца Мар’яна — і выйшла за яго замуж. Мар’ян працуе вадзіцелем. Выхавалі траіх дзетак, маюць пяцярых унукаў. Адна дачка жыве ў Магілёве, другая — у Полацку. Пры іх толькі сын, але ён дома бывае рэдка, паколькі працуе ва­дзіцелем-міжнароднікам. Затое ў кожны прыезд стараецца зрабіць нешта карыснае. Вось і вялікі рамонт дома распачаў.

Поспехі і шчасце дзяцей — гэта найвялікшае шчасце для бацькоў. А яшчэ Ніна Іванаўна карыстаецца бясспрэчным аўтарытэтам у вяскоўцаў: нездарма ж яе выбралі старэйшынай.

Суседзі – як радня

Якія ўсё-такі непрадказальныя людскія лёсы! Гадоў 60 таму турлаўскі хлопец Мікалай Цяляк пасля службы ў арміі завербаваўся на шахту ва ўкраінскую Горлаўку, ды так і застаўся там, стварыўшы сям’ю. А для яго дачкі Людмілы, якая там нарадзілася і вырасла і маці якой па нацыянальнасці ўкраінка, другой радзімай стала Беларусь.

Кожныя летнія канікулы дзяў­чынка, а потым ужо і дзяўчына, праводзіла ў беларускай бабулі ў Турлах. Тут і пазнаёмілася з Валодзем. Маладыя пакахалі адно аднаго, згулялі вяселле.

— Мне нават прозвішча не давялося мяняць, бо ў жаніха было такое ж, як і ў мяне, — Цяляк, — з усмешкай расказвала жанчына. — Да таго ж нашых бацькоў звалі аднолькава — Мікалаямі. У сельсавеце, рэгіструючы шлюб, жартавалі, што распісваюць брата з сястрой.

У Турлах Людміла ўжо 44 гады. Зараз яны з мужам на пенсіі, але клопатаў хапае: трымаюць карову і каня, трусоў, курэй, апрацоўва­юць шмат зямлі.  «Пакуль ёсць сілы, стараемся жыць па-гаспадарску, — гаварыла Мікалаеўна. — Самім нам шмат не трэба, але хочацца дапамагчы дзецям, унукам».

У свой час вялікае падвор’е было і ў іх суседзяў — Таццяны і Пятра Тарасевічаў. Яны трымалі трох кароў, свінаматак, авечак, трусоў. Трэба было падымаць на ногі трох дачушак. Зараз дочкі маюць свае сем’і. Адна жыве ў Турлах, другая — у Паставах, трэцяя — у Рызе. Два гады назад не стала іх маці. Усе цяжка перажываюць дарагую страту. Пятра падтрымліваюць не толькі дзеці, але і суседзі. Радасць і гора яны заўсёды дзеляць папалам. Да таго ж ва Уладзіміра і Пятра аднолькавае захапленне — рыбалка. Вось і ў той дзень я не застала Уладзіміра дома: рыбачыў.

Пакуль спраўляецца сама

Браніслава Бялапка чакала гасцей: праз некалькі дзён павінны былі прыехаць з Рыгі дачка і ўнук. Таму і свяціліся радасцю яе вочы.

Абое дзяцей Данатаўны — дачка і сын — жывуць у Латвіі. За мяжу яны выехалі ў тыя гады, калі калгас быў бедны, для моладзі не бачылася ніякай перспектывы. Асабіста я заўсёды спагадаю пажылым людзям, чые дзеці жывуць далёка і не маюць магчымасці ў любы момант прыйсці бацькам на дапамогу.

— Пакуль спраўляюся сама, — гаварыла Браніслава Данатаўна (а ёй ужо 91 год — аўт.). — Вочы яшчэ бачаць. Ногі носяць. А рукі цягнуцца да работы. Корпаюся на градках, падтрымліваю парадак у доме, люблю вырошчваць кветкі. Калі прыязджаюць дзеці і ўнукі, забяспечваюць мяне дрывамі, дапамагаюць у рознай рабоце.

Жанчына ўспамінала, як цяжка працавала ў калгасе, а атрымлівала мізер. Параўноўвала мінулае з  сённяшнім. «Зараз, дзякаваць Богу, жыць добра, — гаварыла. — У маладых ёсць магчымасць зарабіць, а мы, пажылыя, атрымліваем неблагую пенсію. Толькі б быў мір на Зямлі!»

Не толькі забавы

Што  адрознівае вясковых дзяцей ад гарадскіх? Тое, што яны не толькі вучацца і забаўляюцца, але і дапамагаюць сваім бацькам на падвор’ях. Вырастаючы, многія выбіраюць сельскагаспадарчыя ці рабочыя прафесіі. Вось  і  Ангеліна і  Данііл Валодзькі  — добрыя маміны памочнікі. Ёсць свае абавязкі  таксама ў Максіма і  Мікіты Вярцінскіх. А Вадзім Чаховіч і  Арсеній Іваноў яшчэ дашкольнікі, але ўжо ўнікаюць у справы дарослых.  І для ўсіх дзяцей самы  радасны час — лета, калі найбольшая прастора для гульняў.

Ад аўтара: выказваю шчырую падзяку старэйшыне вёскі Ніне Іванаўне Валодзьцы за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу ў газету

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.