У пачатку лета на прылаўках магазінаў з’явіцца яшчэ адна навінка прадукцыі гандлёвай маркі «Паставы-гарадок» — тварог у тубе.
Пакупнікі даўно ацанілі тры віды зярнёнага тварагу, што выпускаюцца на вытворчым участку Новалукомльскага малаказавода, які да Пастаўскага малочнага завода далучылі ў канцы 2023 года. Гэты малочнакіслы прадукт не толькі смачны, але і карысны. У ім шмат малочнага бялку і амінакіслот, неабходных нашаму арганізму для падтрымання гарманальнага балансу і правільнага абмену рэчываў. У ім таксама ўтрымліваюцца вітаміны груп А, В, PP, Р і С, мінеральныя рэчывы — фосфар і калій, неабходныя для здароўя коснай сістэмы. Такія мікраэлементы, як магній, селен, цынк, паляпшаюць работу нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэм, умацоўваюць імунітэт.
Зярнёны тварог карыстаецца попытам у тых, хто клапоціцца пра сваё здароўе і вядзе актыўны лад жыцця, выдатна падыходзіць для спартыўнага і дыетычнага харчавання. На 32-й Міжнароднай выставе прадуктаў харчавання «Прадэкспа», якая праходзіла ў Маскве ў лютым, дадзены прадукт гандлёвай маркі «Паставы-гарадок» атрымаў высокую ацэнку журы і быў удастоены дыплома і залатога медаля ў намінацыі «Прадукты для здаровага ладу жыцця».
Тварог у тубе па тэкстуры будзе больш аднародным. Яго будуць выпускаць на новай лініі, вытворчая магутнасць — перапрацоўка 30 тон малака за суткі. Мантаж лініі вядзецца ў адным з цэхаў завода. Затым распачнуць наладку абсталявання і тэхналогіі выпуску прадукту.
— Думка пра тое, што прадпрыемству трэба аднавіць выпуск тварагу, узнікла даўно, — расказваў дырэктар прадпрыемства Георгій Касцень. — Дагавор на пастаўку абсталявання з адной са славацкіх фірм заключылі яшчэ ў лістападзе 2021 года. У наступным Еўропа ўвяла санкцыі. Славакі былі гатовыя прыняць аплату за абсталяванне, але мы не сталі рызыкаваць і прыкладна на год прыпынілі перамовы. Урэшце славацкі бок адгрузіў нам частку абсталявання без папярэдняй аплаты. Сітуацыя была няпростай. Пастаўка ішла доўга і праблематычна. Працэс расцягнуўся ледзь не на год. У студзені бягучага года прыехалі спецыялісты мантажнай арганізацыі і распачалі работы па ўстаноўцы абсталявання. Яшчэ чакаем некаторыя камплектуючыя. Наладкай будуць займацца спецыялісты са Славакіі.
З запускам лініі па выпуску тварагу вырастуць аб’ёмы вытворчасці. Кіраўніцтва прадпрыемства ўжо вывучае спажывецкія трэнды і запыты рынку, думае пра перспектывы продажу. Упэўненая, свабодныя нішы для пастаўскага тварагу знойдуцца. Важную ролю ў вялікім попыце на прадукцыю Пастаўскага малочнага завода адыгрывае тое, што тут пастаянна клапоцяцца пра яе натуральнасць і якасць.
Анна Анішкевіч

