На Поставщине стартовала весенняя призывная кампания

Общество

На Пастаўшчыне, як і ў цэлым у Беларусі, стартавала вясенняя прызыўная кампанія. Падчас яе на тэрміновую ваенную службу з нашага раёна павінны пайсці 33 юнакі. Іх адпраўка ў войскі пачнецца 25 красавіка і закончыцца ў канцы мая. Служыць пастаўчане будуць у розных воінскіх часцях па ўсёй рэспубліцы, у тым ліку і побач з домам. У мінулы чацвер у райваенкамаце адбылася першая прызыўная камісія.

На яе былі выкліканы 15 чалавек. Будучых навабранцаў па чарзе запрашалі ў кабінет ваеннага камісара, дзе, акрамя Мікалая Куліка, знаходзіліся намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Станіслаў Чымбург, які з’яўляецца старшынёй прызыўной камісіі, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Павел Нагановіч і загадчык паліклінікі ЦРБ Таццяна Дацэнка. Начальнік групы прызыву на ваенную службу Валерый Баравік дакладваў ім прозвішча, імя і імя па бацьку маладога чалавека, яго год нараджэння, адукацыю і атрыманую спецыяльнасць, а таксама першачарговае прызначэнне. Члены камісіі задавалі юнакам пытанні наконт вучобы і прафесіі, стаўлення да арміі і планаў на будучыню, а затым даводзілі рашэнне — прызваць на тэрміновую ваенную службу. Кожнаму прызыўніку ўручалі яго асабістую справу, з якой тыя накіроўваліся да спецыяліста райваенкамата, дзе атрымлівалі чарговую павестку.

 

Слухаючы звесткі з біяграфій маладых людзей і іх адказы на пытанні членаў камісіі, пераканалася: большасць ахвотна ідзе ў армію. Некаторыя не выключа­юць магчымасці звязаць з ёй сваё жыццё. Палова прызыўнікоў жадае праходзіць тэрміновую службу па кантракце, і многія ўжо пачалі ўладкоўвацца ў выбраныя воінскія часці. У ліку такіх 19-гадовы Іван Альхімёнак з аграгарадка Навасёлкі. Хлопец нядаўна скончыў энергетычны каледж у Мінску, дзе атрымаў спецыяльнасць электраманцёра. Цяпер хоча трапіць на кантракт у 3-і рэгіянальны вузел радыёэлектроннай разведкі, які знаходзіцца ў «Азёрках».

А вось выпускнік Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа Дзмітрый Будзько з Пастаў не выбірае, як і дзе служыць.

— Якія войскі прапануюць, туды і пайду, — кажа ён. — І чым раней адслужу, тым лепш. Лічу, што кожны мужчына павінен прайсці загартоўку арміяй. Усе мае родныя: бацька, старэйшы брат, дзядзькі — былі на тэрміновай, і ва ўсіх засталіся добрыя ўражанні ад службы.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.