В ОАО «Новоселки-Лучай» первыми по 1000 тонн намолотили Виктор Рогов и Артур Вартазарян, перевез водитель Геннадий Литвинович

Сельское хозяйство

Для іх старанная праца – добрая звычка

Вельмі многія камбайнеры і вадзіцелі ААТ «Навасёлкі-Лучай» з года ў год у ліку тысячнікаў. Сёлета першымі па 1 000 тон намалацілі Віктар Рогаў і Артур Вартазаран, перавёз вадзіцель Генадзій Літвіновіч. Літаральна праз дзень тысячнага намалоту дасягнулі Віталій Смолка і Генадзій Анкудовіч.

— Усе камбайны размеркаваны па розных аддзяленнях, — расказваў Віталій. — Я спачатку ўбіраў менш ураджайныя ўчасткі, штодня намалочваў усяго 20-30 тон і, прызнацца, на тысячу не разлічваў. А пераехалі на пшаніцу з важкім коласам — стала весялей: па 100 і больш тон запісваў на свой рахунак. Так тысяча і атрымалася.

Віталій Смолка і Генадзій Анкудовіч

Генадзій Анкудовіч — ураджэнец Норыцы. Доўгі час жыў у Глыбоцкім раёне. Летась перабраўся ў Навасёлкі. І сёлета на камбайне з 10-метровай жняяркай абышоў нават тых, у каго яна шырэйшая.

— Мне далі камбайн, на якім шмат гадоў працаваў Віктар Рогаў, а ён тэхніку беражэ, — дзяліўся Андрэй. — Работа для мяне прывычная — на жніве быў задзейнічаны і раней. Тысячу «браў» пастаянна.

Георгій Гваздоў, Уладзімір Праліч і Уладзіслаў Іваноў

Уладзімір Праліч у жніво ўключыўся адным з апошніх: усе ўбіралі зерневыя, а ён яшчэ трамбаваў зялёную масу з другога ўкосу траў у сянажныя траншэі.

— Фатаграфавацца буду толькі з памочнікам Уладзіславам Івановым, — гаварыў Уладзімір Праліч. — Яго заслуга немалая, што мы змаглі ўвайсці ў пяцёрку тысячнікаў гаспадаркі.

Алег Чумакоў і Ігар Савуць

Пастаяннае месца работы Антона Мацура — Пастаўскі мэблевы цэнтр. Сёлета ўзяў водпуск і па дагаворы ўладкаваўся ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» на час жніва. Некалі тут быў памочнікам у дзядзькі. Разам з Андрэем Врублеўскім папрацаваў некалькі дзён. Затым Андрэй перасеў на трактар з сеялкай, а Антон на яго «Лідзе» самастойна ўбіраў збажыну. І паспяхова перакрыў тысячны рубеж.

Яўгеній Грышчанка і Антон Мацур

Алег Чумакоў і Яўгеній Грышчанка стараюцца на любой рабоце. Не выключэнне і жніво. І хоць здараліся дробныя паломкі камбайна, сталі тысячнікамі.

Віктар Бандарэнка

Рупіліся на адвозцы збажыны вадзіцелі. Як і ў мінулыя гады, першымі па тысячы тон перавезлі Генадзій Літвіновіч і Аляксандр Мацур. Хутка да іх далучыліся Георгій Гваздоў, Ігар Савуць, Віктар Бандарэнка, Сяргей Варашкевіч.

Сяргей Варашкевіч

Са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіліем Катовічам за час жніва я пабывала на многіх палях гаспадаркі, так як тэхніка працуе ў розных аддзяленнях. Усюды бачыла зладжаную работу, зацікаўленасць людзей у якасным правядзенні ўборкі зерневых і зернебабовых. Для кожнага з іх старанная праца — добрая звычка, а словы падзякі і ўзнагароды — прыемны момант у бурлівым працоўным жыцці.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.