Ольга Фектистова и Валентина Мацур поехали на 1-й республиканский форум сельских женщин

Сельское хозяйство

З мноствам уражанняў і станоўчых эмоцый вярнуліся з першага рэспубліканскага форуму сельскіх жанчын, які на працягу двух дзён праходзіў у Мінску, Вольга Феакцістава і Валянціна Мацур.

Мерапрыемства было прымеркавана да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці і Года гістарычнай памяці. Яно аб’яднала прадстаўніц розных прафесій у сферы аграпрамысловага комплексу. Арганізатарамі выступілі ГА «Беларускі саюз жанчын» сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Беларускім прафсаюзам работнікаў АПК. Удзельнічалі ў форуме і дзве прадстаўніцы Пастаўшчыны.

Вольга Феакцістава з фермы «Пад­лявонавічы» ААТ «Камайскі-агра» навіне пра паездку на форум адразу абрадавалася, а потым засмуцілася: як пакіне сваю групу кароў? Яна нават у водпуск не ходзіць, бо не давярае буронак іншаму аператару. Але родныя ўгаварылі яе не ўпус­каць магчымасці пабываць у сталіцы.

Вольга нарадзілася ў Дварчанах і засталася верная малой радзіме. Яшчэ ў школе завязалася сяброўства з мясцовым хлопцам Валодзем Феакціставым. Пажаніліся і засталіся ў роднай вёсцы. Аператарамі працавалі маці дзяўчыны Галіна Вацлаваўна і свякроў Аліна Валер’еўна. У жывёлагадоўлі знайшла сваё прызванне і Вольга. Пэўны час раздойвала першацёлак. Сёлета яны расцяліліся па другім разе, таму і надоі радуюць: за 9 месяцаў сярэдні ад каровы склаў 3 700 літраў.

На ферме працуе і муж. У Феакціставых двое дзяцей. Сын Ілья служыць у раённым аддзеле ўнутраных спраў, дачка Вікторыя — навучэнка 2-га курса Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Сям’я з радасцю адправіла Вольгу на такі маштабны форум, сачыла за ім па тэлебачанні. А калі жанчына вярнулася дадому, то ўражаннямі найперш падзялілася з роднымі, расказала пра паездку калегам.

Валянціна Мацур з ААТ «Навасёлкі-Лучай» мае права на заслужаны адпачынак. Але яна прывыкла быць сярод людзей, прыносіць карысць гаспадарцы. У былы калгас імя Суворава ўраджэнка Глыбоччыны, выпускніца Лужаснянскага сельскагаспадарчага тэхнікума прыехала амаль 40 гадоў таму. Маладому спецыялісту вы­дзелілі 1-пакаёвую кватэру. Хутка выйшла замуж, нарадзіліся пагодкі Міша і Іна. Сям’я атрымала жыллё ў двухкватэрным доме.

— Пасля нараджэння сына была вымушана пакінуць жывёлагадоўлю, — расказвала Валянціна Пятроўна. — Пэўны час працавала ў сельскім Савеце. Нарадзіла яшчэ адну дачушку. Дзеці падраслі, і мне прапанавалі загадваць мясцовай свінафермай на 3 000 галоў, дзе працавала каля 20 чалавек.

Валянціна Мацур зарэкамендавала сябе з найлепшага боку. І калі ўзнікла неабходнасць замяніць загадчыка на рабатызаванай ферме ў Коўзанах, кіраўніцтва гаспадаркі перавяло туды Пятроўну.

— Ферма і вытворчасць на ёй для мяне новыя, — успамінала Валянціна Мацур. — Унікала ва ўсё, знаходзіла падыход да работнікаў, большасць з якіх пераехалі з іншых раёнаў. У кожнага свой характар. Але спрацаваліся. Набліжаўся час выхаду на пенсію, і я неаднойчы прасіла дырэктара Юрыя Францішкавіча Шымчыка шукаць замену, а мне — спакайнейшае месца работы. Так апынулася на складзе.

Муж Валерый працаваў вадзіцелем, затым 22 гады — на трактары. Цяпер на пенсіі. На летніх канікулах у бабулі з дзядулем любяць гасціць 2 унукі з Пінска, дзе жыве сын. Дочкі Іна і Алена закончылі Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і працуюць у Мінску. Дзеці — жаданыя госці ў бацькоўскім доме.

З Мінска Валянціна Пятроўна адправілася да дачок, куды прыехаў і сын, расказвала ім пра Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, дзе праходзіў форум, наведванне храма-помніка ў гонар Усіх святых і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, прагляд балетнага спектакля «Шчаўкунок», выдатныя ўмовы пражывання ў сталічнай гасцініцы «Вікторыя».

— Удзел у форуме стаў цудоўным падарункам да прафесійнага свята, — гаварылі Валянціна Мацур і Вольга Феакцістава. — Мы акунуліся ў непаўторную атмасферу ўрачыстасці. Столькі ўражанняў, станоўчых эмоцый! Было цікава і пазнавальна. Шмат цёплых слоў у адрас вясковых жанчын сказалі старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Ігар Брыло. А балет — проста фантастыка!

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.