В Воропаевской дистанции пути 282 человека обслуживают более 300 км железной дороги

Важное Общество

Каб рух быў бяспечным і бесперабойным

У Варапаеўскай дыстанцыі пуці працуюць 282 чалавекі. Гэта майстры і манцёры пуці, брыгадзіры, рамонтнікі штучных збудаванняў, іншыя спецыялісты. Яны шчыруюць на 9 акалотках, 5 участках і абслугоўваюць больш за 300 кіламетраў чыгункі, якая праходзіць па тэрыторыі нашага, Глыбоцкага, Полацкага, Докшыцкага, Шаркаўшчынскага, Браслаўскага і Міёрскага раёнаў.

У абавязкі пуцейцаў уваходзіць бягучае ўтрыманне чыгуначнага палатна і стрэлак, агляд і замена рэек, шпал і інш. На балансе Варапаеўскай дыстанцыі пуці — 378 штучных збудаванняў, у тым ліку 111 мастоў і 267 водапрапускных труб. Іх абслугоўваюць 8 работнікаў участка па рамонце штучных збудаванняў пад кіраўніцтвам майстра Алега Разумоўскага. Алег Анатольевіч у дыстанцыі пуці працуе 30-ы год. Пасля службы ў арміі быў прыняты ў маставую брыгаду. Завочна закончыў Брэсцкі чыгуначны тэхнікум, працаваў рамонтнікам. Апошнія 6 гадоў з’яўляецца майстрам.

Члены маставой брыгады Аляксандр Анкудовіч, Арцём Анкудовіч, Дзмітрый Мішута, Валерый Курачонак, Уладзімір Пісарык з майстрам Алегам Разумоўскім

Задача рамонтнікаў маставой брыгады — утрыманне канструкцый штучных збудаванняў у належным стане, каб рух па іх быў бесперабойным і бяспечным.

— Работы праводзім згодна з планам, — расказваў  Алег Разумоўскі. — Я як майстар раз на тры месяцы бываю на кожным з замацаваных за нашай брыгадай аб’ектаў. За месяц праходжу да 100 кіламетраў, каб агледзець масты, трубы, зафіксаваць пашкоджанні і адправіць брыгаду на іх ухіленне. На металічных мастах (а іх у нас два) карозія псуе метал. Пашкоджаныя ўчасткі трэба своечасова зачысціць і замаляваць. На бетонных пад уздзеяннем дажджу, ветру ўзнікаюць трэшчыны на апорных частках, пралётных збудаваннях — іх умацоўваем. Перыядычна часткова мяняем конусы. Бягучае ўтрыманне і  капітальныя работы ў нас распланаваныя да 2030 года. 

У брыгадзе — адказныя работнікі. З 1989 года тут працуе Аляксандр Анкудовіч. Да бацькі прыйшоў і сын Арцём. Побач з вопытнымі чыгуначнікамі ён прайшоў навучанне, стажыроўку і хутка засвоіў абавязкі. Задаволены майстар брыгадзірам Сяргеем Брагіным. Спецыяльную адукацыю ён атрымаў у Аршанскім чыгуначным каледжы. Там жа заканчвае вучобу рамонтнік Павел Міхалевіч.

У той дзень, калі я была ў дыстанцыі, брыгада Алега Разумоўскага выбірала з апалубак пліты для пешаходнага насцілу на чыгуначным пераездзе ў Глыбокім. Асноўны клопат рамонтнікаў зараз — умацаванне апор чыгуначнага моста на тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна. Перад гэтым рамантавалі конус 86-метровага моста ў Варапаеве.

Заўтра ў гарадскім парку ў Варапаеве адбудзецца ўрачыстае мерапрыемства з нагоды Дня чыгуначніка. Але многія пуцейцы ў гэты час будуць знаходзіцца на сваіх рабочых месцах: свята святам, а цягнікі ходзяць па раскладзе.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.