Ирина Смолко, которая заведует новосёлковской библиотекой, уже 20 лет работает в библиотечной сфере

Культура

Умее завабіць дзяцей і дарослых

Сярод сельскіх бібліятэк навасёлкаўская — адна з самых вялікіх у раёне. Яе фонд складае 8 600 экзэмпляраў кніг, плюс перыядычныя выданні. Размяшчаецца ўсё гэта ў прасторным памяшканні пад адным дахам з цэнтрам культуры. А загадвае кніжнай гаспадаркай Ірына Смолка, якая ў кастрычніку адзначыць 20-годдзе сваёй работы ў бібліятэчнай сферы.

Па адукацыі Ірына Казіміраўна выхавальнік дзіцячага сада. Але па спецыяльнасці давялося папрацаваць нядоўга. З дзяцінства вельмі любіла чытаць, часта наведвалася ў мясцовую, цешалаўскую, бібліятэку. Яе загадчыца не раз гаварыла: «Вось пайду на пенсію — зоймеш маё месца». Так і атрымалася. Перайшоўшы ў бібліятэкары, пэўны час працавала на палову стаўкі. Потым далі яшчэ паўстаўкі ў лукашоўскай бібліятэцы, дзе таксама звольнілася загадчыца. Графік работы быў: дзень у Цешалаве, дзень — у Лукашове.

Ірына Смолка абслугоўвае наведвальніцу бібліятэкі

Ішоў час, пусцелі вёскі, і бібліятэкі адну за другой закрылі. Тады ў 2020-м кіраўніцтва цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна перавяло Ірыну Смолку ў Навасёлкі. Тут яна абслугоўвае насельніцтва не толькі аграгарадка, але і яшчэ сямі вёсак: Валькоў, Грэйцева, Кебнева, Рудзевіч, Прамышляд, Жукоў і Ельнякоў, дзе пражываюць 720 чалавек. Не адмаўляе ў кнігах і жыхарам іншых, размешчаных непадалёк, вёсак, якія не ўвахо­дзяць у зону абслугоўвання.

Усяго ў мяне 260 чытачоў, — расказвала жанчына. — Сярод іх 88 дзяцей — школьнікаў і дашкалят, 57 пенсіянераў. Многія з іх вельмі актыўныя. Гэта Людміла Кузьмінічна Татарчук, Ніна Яўстаф’еўна Лапушынская, Раіса Мікалаеўна Раткоўская, Ядвіга Іванаўна Воінава і іншыя. Усіх і не назавеш. Нямала вяскоўцаў чытаюць цэлымі сем’ямі: Касарэўскія, Ландышкі, Бугай…

За два з паловай гады Ірына Казіміраўна добра вывучыла густы сваіх чытачоў, ведае, каму што прапанаваць. У асноўным тыя аддаюць перавагу дэтэктывам і жаночым раманам. Але ёсць і аматары класікі. Калі ў бібліятэцы не знаходзіцца патрэбнай чалавеку літаратуры, загадчыца заказвае яе ў Паставах. Не лянуецца прывезці кнігі чытачу дамоў або на работу. Нярэдка сама падбірае іх, і ніколі не было такога, каб не дагадзіла.

У пачатку мінулага стагоддзя вясковыя бібліятэкі часта называлі астраўкамі культуры на сяле. Імі ж яны застаюцца і сёння. Для тых, хто сябруе з кнігай, Ірына Смолка праводзіць нямала розных мерапрыемстваў. Многія — сумесна з цэнтрам культуры і сярэдняй школай. Асабліва шмат іх ладзіцца для дзяцей, якія з’яўляюцца самымі частымі гасцямі ў бібліятэцы. Прыходзяць сюды не толькі па кніжкі, але і пагаварыць, памаляваць. Для юных мастакоў ва ўстанове маюцца каляровыя алоўкі, фламастары і папера. А іх малюнкі загадчыца затым афармляе ў выставу.

Дзяцей Ірына Казіміраўна знаёміць не толькі з захапляльным светам кніг, але і з гісторыяй, нашымі вытокамі. Гэтаму са­дзейнічае краязнаўчы куток, экспанаты якога — прадметы ўжытку і інтэр’ера продкаў — збірала сама. Ён вельмі падабаецца малым. Яны тут гуляюць, распытваюць, для чаго выкарыстоўваўся той ці іншы прадмет.

…Шмат гадоў назад любоў да чытання дапамагла Ірыне Смолцы асвоіць новую для сябе прафесію. І інтарэс да мастацкага слова не згас з цягам часу. Жанчына па-ранейшаму шмат чытае. Знаёміцца з усімі навінкамі, якія паступаюць у бібліятэку, каб потым прапанаваць іх іншым. Прызнаецца, што падабаюцца многія сучасныя аўтары, але любімымі застаюцца Колас, Купала, Быкаў, Шамякін, на якіх расла і якія сфарміравалі яе асобу.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.