«Моя величайшая любовь — розы!» Светлана Янцевич из Воропаево выращивает роскошные цветы

Общество

З чаранкоў і «пацерак» вырошчвае раскошныя кветкі Святлана Янцэвіч з Варапаева.

— Мая найвялікшая любоў — ружы, — прызнаецца маладая жанчына, і яе вочы іскрацца радасцю. — Іх шмат і розных гатункаў. Шкада, што вы прыехалі позна: ружы ўжо адцвілі.

Таму прашу Святлану папазіраваць для фотаздымка ў газету ля іншых кветак — гладыёлусаў, якіх тут цэлая паляна, і яны ў цвіценні. Яшчэ гараць разнаколернасцю і многія іншыя адналетнікі, якія паўсюль: не толькі перад домам і ў двары, але і ў агародзе, ля парніка, гаспадарчых пабудоў.

— Я мала купляю кветак. У асноўным вырошчваю сама, — расказвала гаспадыня. — Збіраю насенне, наразаю чаранкі, не саромеюся папрасіць у знаёмых тыя раслінкі, якіх яшчэ не маю. Кожную падпісваю, якая і ад каго. Ахвотна дзялюся сваімі кветкамі з іншымі. Хадземце пакажу, колькі ў мяне начаранкавана руж. Яны ўкараняюцца пад пластыкавымі бутэлькамі пад «сцяной» цяпліцы. Наступнай вясной высаджу ў агародчыку, летам зацвітуць некаторыя, а праз год — усе.

Гладыёлусы таксама разводзіць сама. Смяецца: «Яны ў мяне вырастаюць з пачка з-пад запалак». Выкапаўшы восенню цыбулінкі, ніколі не выкідвае дробныя «пацеркі», якімі яны абрастаюць. Збірае іх у такія пачкі, потым высявае ў скрынкі і ставіць у цяпліцу, каб хутчэй прараслі. Праз некаторы час пераносіць расаду ў адкрыты грунт.

Ля дома Янцэвічаў шмат не толькі кветак, але і дэкаратыўных кустарнікаў (і іх Святлана вырошчвае з чаранкоў). Гэта дзёран, конуса- і шарападобныя туі, жоўтая і белая дуброўка, самшыты і іншае. Марыць зрабіць зялёную агароджу.

— Мне падабаецца гэтым займацца, — кажа. — Клопатаў, безумоўна, шмат. Але выходжу ў кветнік або ў цяпліцу, у якой вырошчваю 20 гатункаў памідораў, — і забываюся на ўсё, душа адпачывае… Маю захопленасць разумеюць і муж, і два сыны, дапамагаюць упраўляцца на зямлі.

Жывуць Янцэвічы ў Варапаеве, па завулку Вакзальным. Іх дом прыцягвае ўвагу кожнага, хто праязджае або праходзіць міма. Бо з ранняй вясны, калі першымі зацвітаюць ля яго шматлікія крокусы, і да позняй восені, калі ва ўсёй красе хрызантэмы, немагчыма застацца раўнадушным да прыроднай прыгажосці. А ствараецца яна рукамі такой жа прыгожай, як і кветкі, руплівіцы гаспадыні.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.