По итогам работы за 1-е полугодие коллектив роботизированной фермы ОАО «Хотилы-агро» занял 1-е место в области

Важное Сельское хозяйство

Праца сортам «экстра»

Па выніках работы за першае паўгоддзе калектыў рабатызаванай фермы ААТ «Хацілы-агра» заняў 1-е месца ў вобласці. За гэта ўдастоены дыплома абкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовай прэміі, якія ўручыў яе работнікам старшыня раённага галіновага прафсаюза Васілій Катовіч.

Нязменна ў лідарах

Прэтэндэнтаў на перамогу было нямала, — гаварыў Васілій Уладзіміравіч. — А ў тым, што першынство дасталася хацілаўцам, няма нічога дзіўнага. У лідарах ферма бывае вельмі часта. Пабудавана яна больш за 10 гадоў таму. Сярэдні надой ад каровы за 6 месяцаў бягучага года склаў 4 533 кілаграмы. Адсюль кожны дзень на малаказавод адпраўляецца 18 тон малака, усё — сортам «экстра». І гэта дзякуючы не толькі сучаснаму абсталяванню, але і работнікам фермы.

Сярод тых, хто пачынаў тут працаваць, — начальнік комплексу Аляксандр Адамковіч, аператары Марына Міхновіч, Іна Хацяновіч, Валянціна Таяновіч і Святлана Браздаўскайтэ. Пазней уліліся ў калектыў Святлана Карпушанка і Людміла Акуліцкая. Два аператары і два жывёлаводы адначасова заступаюць на 12-гадзінную змену. Кароў дояць робаты. А людзі сочаць за маніторам камп’ютара і каб жывёла была накормленая, утрымлівалася ў чыстым памяшканні.

Рацыён кармлення на МТК «Волахі» збалансаваны: кожная карова атрымлівае за суткі 25 кілаграмаў кукурузнага сіласу, 15 — сенажу, камбікорм, шрот, мікрадабаўкі. Раздае кармы на трактары з новым кормараздатчыкам механізатар Андрэй Матылёнак.

Малако патрабуе сістэмнай работы

У жывёлагадоўлі дробязей няма. Толькі пры наладжанай сістэме работы можна дабівацца высокіх вынікаў. Аднолькава прыходзіцца шчыраваць і ў будні, і ў святы.

Адзін з галоўных фактараў атрымання прыбытку на комплексе — абнаўленне статка. Кожны год у яго ўводзяць да 300 першацёлак. Неабходна, каб карова пакрылася за 90 дзён пасля ацёлу, а не пазней. Усе змены ў яе арганізме фіксуе камп’ютар і ў залежнасці ад надояў вызначае рацыён. За 60 дзён да ацёлу жывёліну пераводзяць у сухастойнае аддзяленне.

На малочнатаварным комплексе вялікая ўвага надаецца селекцыйнай рабоце. Для асемянення кароў тут набыва­юць семя высокапрадукцыйных быкоў, якое дазваляе атры­маць цялушку патрэбных параметраў. Высокіх вынікаў у рабоце дабіваецца асемянатар Наталля Яморская. За здароўем жывёлы со­чаць вопытны ветурач Святлана Адамковіч і малады спецыяліст Кацярына Жураўская.

Строга прытрымліваюцца на комплексе схемы вакцынацыі і рэвакцынацыі маладняку. Ад нараджэння да 60-дзённага ўзросту цялят у прафілакторыі даглядаюць Марына Катовіч і Марына Банькоўская. На павышэнне рэнтабельнасці працуюць усе: аператары, механізатары, спецыялісты.

У кожным надоеным літры малака — праца ўсяго нашага дружнага калектыву, — запэўніў Аляксандр Адамковіч.

І да кветак рукі даходзяць

Жывёлагадоўчы комплекс у Волахах здалёк прыцягвае ўвагу прыгожымі памяшканнямі, дагледжанай прыфермскай тэрыторыяй. Яе абкошваюць газонакасілкай жывёлаводы. Да комплексу вядзе роўная «стужка» асфальту, абапал якой сёлета раслі збожжавыя. Побач з МТК — закладзеныя кукурузным сіласам траншэі. А ўтульнасць у дворыку ствараюць кветкі: рознакаляровыя петуніі, шыкоўныя герані і бегоніі, пяшчотныя бальзамінкі і іншыя. Растуць яны тут і ў гаршках на падаконніках, звісаюць каля ўваходных дзвярэй. Даглядаюць кветкавае хараство Наталля Яморская і Святлана Адамковіч.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.