Поставские волейболисты сыграли в открытом межрайонном турнире «Олимпийская Глубоччина»

Спорт и туризм

Карысны турнір для «Атланта»

Напрыканцы лета пастаўчане аднавілі рэгулярныя трэніроўкі. З задавальненннем яны прынялі запрашэнне згуляць 17 верасня ў адкрытым міжраённым турніры «Алімпійская Глыбоччына» ў рамках абласнога свята «Дажынкі-2022», якія сёлета ладзіліся ў Глыбокім.

Па сутнасці, гэта былі спаборніцтвы рэспубліканскага ўзроўню, бо сярод шасці каманд-удзельніц прысутнічалі мінчане. Амаль усе прывезлі моцных валейбалістаў, якія маюць вопыт гульні на нацыянальным узроўні. А нашы, наадварот, акрамя вопытных Віталя Варанца і Пятра Марцінкевіча, выставілі толькі рэзервістаў. У складзе каманды было і двое навічкоў — Дзяніс Вырвіч і Аляксей Голуб. Чатыры матчы, праведзеныя пастаўчанамі ў Глыбокім, сталі для для іх карыснымі ў плане падрыхтоўкі да новага чэмпіянату краіны.

Па выніках жараб’ёўкі «Атлант» трапіў у падгрупу «Б». Першым яго сапернікам стаў «Віцебскаблгаз» на чале з экс-пастаўчанінам, кандыдатам у майстры спорту Уладзімірам Юзвовічам. Нашы саступілі віцебскай камандзе з лікам 0:2 (20:25, 14:25), а затым перамаглі шумілінцаў (2:0), якія аказалі ім сур’ёзнае супраціўленне ў стартавай партыі (27:25, 25:12). З 2-га прамежкавага месца пастаўчане трапілі ў паўфінал, дзе іх сапернікам стала каманда з абласнога цэнтра — «Віцебскэнерга».

Рашаючыя матчы адбыліся на абноўленай прасторнай пляцоўцы мясцовай ДЮСШ. Паядынак праходзіў у роўнай барацьбе, ачко ў ачко. Але ў канцоўках мацней згуляў сапернік, які і перамог нашу каманду з лікам 2:0 (25:22, 25:21). У заключнай сустрэчы за 3-е выніковае месца пастаўскія валейбалісты зноў змагаліся з «Віцебскаблгазам» і выйгралі ў яго стартавую партыю з адрывам у 9 мячоў. На жаль, развіць поспех не ўдалося з-за стомленасці: увесь турнір «Атлант» правёў толькі з адным запасным. Сапернік гэтым скарыстаўся і перамог з лікам 2:1 (16:25, 25:12, 25:16).

Напрыканцы кастрычніка стартуе ХХХІІ чэмпіянат Беларусі па валейболе сярод мужчын. Пастаўчане пацвердзілі свой удзел у першынстве каманд 1-й лігі. Аднак, як і ў мінулым годзе, яно апынулася пад пагрозай зрыву, бо заявіліся пакуль усяго 3 дружыны.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.