Чэмпіянат Беларусі па футболе
Кожны матч рашаючы
ФСК «Паставы»–«Чырвоны барэц» (Орша) – 1:0
Да завяршэння папярэдняга раўнда першынства ў дывізіёне «Віцебскі» камандам засталося правесці ўсяго па 2-3 матчы. Тройка прызёраў ужо вызначылася, а пастаўчанам дома зноў трэба было гуляць на перамогу. На стадыёне сабралася амаль паўтысячы гледачоў, прыехаў падтрымаць каманду кіраўнік раёна Сяргей Чэпік. Цікавая гульня трымала ўсіх у напружанні да самага фінальнага свістка. Аршанцы пацвердзілі свой моцны характар, на 4-й хвіліне зарабілі небяспечны штрафны, але прамахнуліся.
Нашы пачалі штурмаваць вароты саперніка на флангах. На 19-й хвіліне пры спробе адбіць мяч абаронца аршанцаў згуляў рукой у штрафной пляцоўцы. Прызначаны пенальці бездакорна прабіў апорнік пастаўчан Дзмітрый Кундра — 1:0. Яго з аршанцам Уладзімірам Іўкіным прызналі пазней найлепшымі ігракамі матча.
У другім тайме характар барацьбы не змяніўся. Сапернік стараўся адыграцца, падаў некалькі небяспечных вуглавых, але зраўняць лік так і не здолеў.
Важную перамогу на сваім полі здабылі Чашун, Маршын, Галяш (Голубеў), Пучынскі, Касенка, Кундра, Звяруга (Цыўнель), Камісарчук (к, Чалей), Жылевіч, Каралёнак, Вілейта. У іншых сустрэчах тура палачане адолелі (3:1) віцебскі «Газавік», а наш наступны сапернік — «Гарадоцкія львы» — дома нечакана саступіў сенненцам з лікам 2:5.
У пастаўчан 13 ачкоў, яны па-ранейшаму на 2 балы апераджаюць ФК «Сянно», якога чакаюць паядынкі з тройкай лідараў. Гарадокцы выбылі з барацьбы за апошнюю пуцёўку ў фінальны рэспубліканскі этап восенню.
У мінулыя выхадныя ў групе «В» (першая ліга) усе сустрэчы завяршыліся звышвынікова: «Нафтавік» (Наваполацк)—ФК «Докшыцы» — 9:0, «Дзвіна» (Верхнядзвінск)—«Ураджай» (Віцебскі р-н) — 5:1, ФК «Глыбокае»—ФК «Шаркаўшчына» — 3:1, «Ніва» (Талачын)—ФК «Чашнікі» — 2:2. У групе «С» (другая ліга): «Днепр» (Дуброўна)—«Дзвіна» (Бешанковічы) — 2:5, «Партызан» (Ушачы)—ФК «Шуміліна» — 5:0, ФК «Расоны»—ФК «Лепель» — 2:4, ФК «Лёзна»—«Дрывяціч» (Браслаў) — 3:0.
Чарговы 12 тур наша каманда прапускае, а яшчэ праз тыдзень яе чакае выезд у Гарадок.
Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя

