В Поставском отделении круглосуточного пребывания для граждан пожилого возраста и инвалидов ТЦСОН прошёл день открытых дверей

Общество

Найважнейшая тэрапія – дабрынёй

У пастаўскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН на мінулым тыдні адбыўся дзень адчыненых дзвярэй.

Дагледжаная тэрыторыя ў ціхіх куточках, чыстае паветра, светлыя будынкі, утульныя пакоі, прасторныя холы, дзе можна сабрацца ўсім разам і заняцца настольнымі гульнямі або паглядзець канцэрт. Так выглядаюць аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў Паставах і Лынтупах. У райцэнтры такое аддзяленне на 20 месцаў адкрылася ў 2008-м, у гарпасёлку — на 30 месцаў — годам пазней. За гэты час для дзясяткаў адзінокіх старых (і не адзінокіх), а таксама інвалідаў гэтыя ўстановы сталі другім домам — цёплым і ўтульным.

Загадчыцы аддзяленняў Надзея Андрон і Надзея Гатоўская расказалі прысутным пра іх дзейнасць, пра тое, якім вялікім клопатам і ўвагай акружаюць пастаяльцаў работнікі. У пацвярджэнне гэтага быў прапанаваны для прагляду відэафільм пра дзейнасць названых устаноў.

А яна накіравана на тое, каб падапечныя знаходзіліся ва ўмовах, не толькі максімальна набліжаных да дамашніх, але і нават лепшых. Асаблівая ўвага тут звяртаецца на здаровы лад жыцця. Садзей­нічаюць яму збалансаванае чатырохразовае харчаванне, асабістая гігіена, дазіраваныя фізічныя нагрузкі, актыўны адпачынак, прафілактыка дэменцыі. Робіцца ўсё магчымае для падаўжэння працягласці жыцця людзей і яго паўнавартаснасці. Тых, у каго ўзнікае патрэба, аглядае ўрач і назначае лячэнне. Медсястра ў аддзяленнях знаходзіцца пастаянна. З мэтай сацыяльнай рэабілітацыі праводзіцца магнітная, музычная, сэнсарная і ароматэрапія, а таксама масаж і самамасаж, лячэбная фізкультура, дыхальная гімнастыка. Але, як справядліва зазначыла загадчыца лынтупскага аддзялення Надзея Гатоўская, найважнейшая тэрапія — дабрынёй. І гэта сапраўды так, бо абслуговы персанал адносіцца да пастаяльцаў, як да родных людзей.

Калі ж у каго-небудзь з пажылых на душы становіцца цяжка, штосьці непакоіць, можна звярнуцца да псіхолага. Наведваюцца да пастаяльцаў і святары праваслаўнай і каталіцкай канфесій. Тыя, хто мае сілы і жаданне, удзельнічаюць у добраўпарадкаванні тэрыторыі, вырошчванні расады кветак і агародніны, займаюцца рукадзеллем, гуляюць на свежым паветры.

Частыя госці ў пастаяльцаў — наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, якое знаходзіцца ў суседнім будынку. Прысутнічалі яны і на дні адчыненых дзвярэй. А яшчэ на мерапрыемства завіталі наведвальнікі пастаўскага і лынтупскага аддзяленняў дзённага знахо­джання для грамадзян пажылога ўзросту і парадавалі прысутных канцэртам мастацкай самадзейнасці. А затым Надзея Андрон правяла экскурсію па аддзяленні.

 

Застаецца дадаць, што адзінокія грамадзяне плацяць за кругласутачнае пражыванне 85% ад сваёй пенсіі. Тыя, хто мае працаздольных дзяцей, — 22,37 рубля за суткі ў Лынтупах, 25,30 — у Паставах. Зараз у аддзяленнях ёсць некалькі свабодных месцаў. І яны абавязкова спатрэбяцца тым, хто па старасці і стане здароўя не зможа жыць у адзіноце. Тым больш што не за гарамі — халады.

Фаіна Касаткіна
Фота даслала Надзея Андрон



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.