41 житель Поставщины пополнил ряды солдат-срочников. 2 человека пройдут службу в резерве

Приграничье

Адслужым! Галоўнае – каб не было вайны

На гэтым тыдні на фінішную прамую выйшла асенняя прызыўная кампанія-2022, якая стартавала ў жніўні і завершыцца 30 лістапада. У панядзелак пачалася адпраўка ў войскі маладога папаўнення. Разам з іншымі беларусамі, якія атрымалі павесткі ў армію, цывільную вопратку на ваенную форму зменіць і 41 жыхар Пастаўшчыны. 2 чалавекі будуць праходзіць тэрміновую службу ў рэзерве.

Служыць нашы землякі будуць ва ўсіх родах і відах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і іншых воінскіх фарміраваннях краіны. У панядзелак і аўторак першыя навабранцы з раёна адправіліся ў 5-ю асобную брыгаду спецыяльнага назначэння ў Мар’інай Горцы і 72-і аб’яднаны вучэбны цэнтр падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў у Пячах. У 72-і АВЦ накіраваны і двое з сямі прызыўнікоў, якіх праводзілі ў армію ў сераду. Пяцёра — у 103-ю Віцебскую асобную гвардзейскую паветрана-дэсантную брыгаду. Днём раней хлопцы з’явіліся ў райваенкамат для інструктажу, удакладнення асабістых даных і атрымання ваенных білетаў.

Разам з работнікамі раённага ваеннага камісарыята іх сустракаў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Павел Трава. Ён павіншаваў маладых людзей з адпраўкай на тэрміновую службу і выказаў упэўненасць у тым, што армія стане для іх добрай школай. Пажадаў моцнага здароўя, мудрых камандзіраў і, самае галоўнае, — мірнага неба над галавой, каб атрыманыя падчас службы веды спатрэбіліся ў далейшым, але не ў ваенны, а ў мірны час. Ад рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Павел Юр’евіч уручыў прызыўнікам ручкі і блакноты са словам на дарогу і календаром на паўтара года, каб «было на чым пісаць пісьмы дамоў і лічыць дні да дэмбелю».

Валерый Баравік удакладняе асабістыя даныя Кірыла Глазава

— Служба ў арміі — вельмі важны этап у вашым жыцці, — гаварыў начальнік групы прызыву на ваенную службу Валерый Баравік. — Таму што толькі той малады чалавек, які прайшоў яе, на мой погляд, становіцца сапраўдным мужчынам. У працэсе службы вы атрымаеце воінскую ўліковую спецыяльнасць. Добрасумленна пастаўцеся да гэтага, засвойце тое, чаму вас будуць вучыць, каб у выпадку неабходнасці змаглі абараніць нашу Радзіму.

Валерый Іосіфавіч нагадаў прызыўнікам, якія рэчы і дакументы трэба мець з сабой падчас адпраўкі, удакладніў асабістыя даныя кожнага юнака і ўручыў ваенныя білеты.

Мне ўдалося пагутарыць з без пяці хвілін навабранцамі і высветліць, з якім настроем яны ідуць у армію.

Пастаўчанін Кірыл Глазаў гэтым летам скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Праходзіць службу будзе ў паветрана-дэсантных войсках. Па яго словах, рады, што трапіў менавіта туды.

— Мой дзядзька служыў у дэсанце і добра адзываецца пра яго, — гаварыў юнак. — Калі даведаўся, што я іду ў 103-ю брыгаду ПДВ, сказаў: «Удосталь паскачаш з парашутам». Раней неба мяне не вабіла, а цяпер з’явілася жаданне адчуць адрэналін палёту пад купалам парашута. У цэлым настрой баявы. Служыць іду з думкай пра тое, што трэба выка­наць свой абавязак перад Радзімай.

Яшчэ адзін жыхар райцэнтра Мікіта Багатаў сёлета атрымаў дыплом Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і паспеў 2 месяцы папрацаваць у Пастаўскім дзяржкаледжы кіраўніком практыкі. Яго накіравалі ў Печы асвойваць спецыяльнасць механіка-вадзіцеля БМП-2.

— Да службы ў арміі я стаўлюся як да неабходнасці. Сумна расставацца з роднымі і каханай, — прызнаўся ён. — Добра, што гэта ненадоўга — усяго на год. Дзяўчына абяцала мяне чакаць.

У цэлым, усе прызыўнікі разумеюць, што павінны адслужыць у арміі. Галоўнае, кажуць яны, каб не было вайны. На гэта спа­дзяюцца і родныя прызваных на тэрміновую службу.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.